5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Урачыстасці з нагоды 1150-годдзя Полацка стартуюць увечары 25 мая і прадоўжацца па 5 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме. Святы абяцаюць стаць яркімі і запамінальнымі. Над сцэнарыем працуе рэжысёрска-пастановачная група, у склад якой увайшлі вядомыя спецыялісты ў сферы культуры. Вызначана канцэпцыя святкавання, якую можна вызначыць трыма тэзісамі: Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці, Полацк - духоўна-асветніцкі і культурны цэнтр, Полацк - сучасны еўрапейскі горад. Мяркуецца, што на працягу святочных тыдняў адбудуцца фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон" і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на базе Полацкага дзяржуніверсітэта, інтэрактыўны фестываль музейных калекцый. Полачан і гасцей горада парадуе міжнародны фестываль "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі". Акрамя таго, горад-юбіляр пакажа свой эканамічны патэнцыял, пазнаёміць гасцей з дасягненнямі ў спорце, мастацтве, раскажа пра сваю моладзь. На свята прыедуць дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў Полацка. Акрамя афіцыйных асоб у іх складзе будуць творчыя калектывы, народныя майстры і рамеснікі, якія прадэманструюць сваё майстэрства ў традыцыйным кірмашы рамёстваў. Полацк - горад багатых праваслаўных традыцый. У юбілейныя дні тут плануецца правесці міжнародную праваслаўную канферэнцыю з удзелам прадстаўнікоў гарадоў трох Святых Сафій - Ноўгарада, Кіева і Полацка, Хрэсны ход і супольнае набажэнства царкоўных іерархаў, міжнародныя фестывалі званоў і праваслаўнай творчасці. Юбілейны горад падрыхтуе ўдзельнікам урачыстасцей нямала прыемных падарункаў. Сярод іх - эксклюзіўны святочны сертыфікат аб наведванні геаграфічнага цэнтра Еўропы (як вядома, геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца менавіта ў Полацку - Заўвага. БЕЛТА), над эскізам якога ўжо працуюць мясцовыя дызайнеры. Пачалася падрыхтоўка турыстычных маршрутаў, якія дазволяць пазнаёміцца з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай старажытнага горада.