Урачыстасці з нагоды 1150-годдзя Полацка стартуюць 25 мая
24.5.20120 праглядаў
24 мая, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрыццё помніка дойліду Яну сёння стане прадмовай да святочных мерапрыемстваў у гонар 1150-годдзя Полацка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Полацкага гарвыканкама Наталля Ганебная.
Помнік заснавальніку полацкай архітэктурнай школы дойліду Яну, які пабудаваў у XII стагоддзі па замове прападобнай Ефрасінні Полацкай Спаса-Праабражэнскі храм, выраблены на сродкі будаўнічых арганізацый горада і будзе ўстаноўлены ў новым жылым мікрараёне Аэрапорт. Легендарны дойлід нібы бярэ пад сваю апеку новую архітэктуру старога горада.
Афіцыйны старт урачыстасцям, якія аб'яднаны пад агульнай назвай "Гімн Полацку - бацьку гарадоў беларускіх", будзе дадзены 25 мая. Гэты дзень у горадзе-юбіляры па рашэнні мясцовых дэпутатаў аб'яўлены выхадным. Шэсць канцэртна-забаўляльных і гандлёвых пляцовак будуць сустракаць гасцей. Галоўнай з іх стане плошча Свабоды. Тут адбудзецца ўшанаванне лепшых гараджан, пройдуць святочныя канцэрты. Выступяць Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", арт-групы "Беларусы". Ну а пасля святочнага феерверка, прызначанага на поўнач, пачнецца моладзевая дыскатэка, якая працягнецца да ранняй раніцы.
Канцэрты, выставы народных рамёстваў і стравы нацыянальнай кухні будуць чакаць гасцей і на іншых пляцоўках. Кожны знойдзе для сябе нешта цікавае і незвычайнае, абяцаюць арганізатары ўрачыстасцяў. Год кнігі будзе адзначаны літаратурна-музычнай праграмай "Свяцільнік свету Богам запалены".
Святочныя ўрачыстасці працягнуцца да 5 чэрвеня. Кожны дзень абяцае быць насычаным яркімі мерапрыемствамі. Так, у суботу 26 мая пройдзе абласное свята народнай творчасці "Іграй, гармонь!" і канцэрты гарадоў-партнёраў Полацка "Святочнае горад, табе наш талент і любоў". Ва ўскрай старажытнай Сафіі ўвечары будуць гучаць шэдэўры опернага мастацтва, а аматары Мельпамены ўбачаць спектакль "Рагнеда" ў пастаноўцы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь полацкага тэатра "Пілігрым". Галоўнымі героямі гэтага дня стануць полацкія спартсмены. Алімпійскі дзень пройдзе пад дэвізам "Полацк! Спортам памножым мы славу тваю".
За спартсменамі Полацк будзе вітаць сваіх юных жыхароў. Гарадское свята апошняга званка "Выпускнік-2012" пройдзе 30 мая, а 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, адбудзецца свята, прысвечанае дзетвару і адкрыты гарадскі вакальны дзіцячы конкурс "На крылах мары". Праваслаўная творчасць "Полацк збірае землякоў" будзе прадстаўлена 2 чэрвеня. Звон званоў і духоўныя спевы будуць раздавацца над старажытным горадам.
Фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон" прыйшоўся даспадобы полацкам, і яны вырашылі сумясціць яго з юбілейнымі гуляннямі і правесці з 1 па 3 чэрвеня. Клубы гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Чэхіі адправяць сваіх рыцараў у Полацк, каб прадэманстраваць сілу ў турнірах і мужнасць пры ўзяцці замка - захапляльнага дынамічнага відовішча.
Фіналам урачыстасцей стане дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай - 5 чэрвеня. У храмах Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра пройдуць бажэственныя літургіі, а таксама хрэсны ход з Сафійскага сабора ў манастыр.
У чараду святаў старажытны Полацк не забывае пра сучаснасць і клапоціцца пра сваю паспяховую будучыню. З 25 па 26 мая ў горадзе пройдзе інвестыцыйны форум, у якім возьмуць удзел каля 20 прадпрыемстваў Полацкага рэгіёну. Яны прадставяць сваю новую прадукцыю і пазнаёмяць патэнцыйных партнёраў з інвестыцыйнымі прапановамі. У дні ўрачыстасцей Полацк падпіша пагадненні аб партнёрскіх адносінах у эканамічнай і культурнай сферах з азербайджанскім горадам Мінгечаур і армянскім горадам Алавердзі.
Каля тысячы гасцей прыедуць у Полацк павіншаваць яго з юбілеем. Сярод іх вышэйшыя службовыя асобы Беларусі, члены ўрада, сенатары і дэпутаты, знакамітыя ўраджэнцы - члены Полацкага зямляцтва, прадстаўнікі сямі дыпламатычных місій. Больш за сто прадстаўнікоў СМІ будуць асвятляць урачыстасці.-0-
БЕЛТА