24 снежня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Урачыстасці з нагоды 70-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пройдуць сёння ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.

Галоўнымі падзеямі дня стануць урачысты жалобны мітынг "Няхай пакаленні памятаюць" ля памятнага знака 12 воінскім часцям і злучэнням, якія прымалі ўдзел у вызваленні Гарадка, і ўрачысты канцэрт "Далёкай мужнасці вернасць захоўваючы".

Удзельнікі мерапрыемстваў наведаюць выставу мастака-земляка, удзельніка ВАВ, кандыдата мастацтвазнаўства, члена Саюза мастакоў Беларусі Анатоля Кавалёва "Эхо вайны" ў доме рамёстваў і фальклору, азнаёмяцца з экспазіцыяй "Подзвіг. Перамога. Памяць" у раённым краязнаўчым музеі. Тут прадстаўлены дакументы ваенных гадоў, фотаздымкі і музейныя прадметы, прысвечаныя Гарадоцкай наступальнай аперацыі і яе героям.

Гарадоцкая наступальная аперацыя першага Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерала арміі І.Х. Баграмяна працягвалася з 12 па 31 снежня. У выніку яе войскі прасунуліся на 60 км, разграмілі 6 пяхотных і адну танкавую дывізіі праціўніка, ліквідавалі Гарадоцкі выступ. 24 снежня 1943 года быў вызвалены горад Гарадок і створаны ўмовы для далейшага наступу ў раёне Віцебска.

Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Гарадка, аб'яўлена падзяка. У іх гонар у Маскве быў дадзены салют 12 артылерыйскімі залпамі са 124 гармат. -0-

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)