Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты – прадстаўнікі гарадскіх школ. Усяго 10 чалавек. Галоўны дакумент маладым людзям уручыў кіраўнік Лепельскага раёна Міхаіл Кісялевіч. Таксама на цырымоніі ўручэння прысутнічалі Святлана Шавялёва, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, Кацярына Бараноўская і Марыя Фролава, першы і другі сакратары раённага камітэта ГА "БРСМ".

- Вось ужо 31 год запар мы, як незалежная суверэнная краіна, адзначаем Дзень Канстытуцыі. За гэтыя гады зроблена нямала для таго, каб Беларусь стала дзяржавай, у якой кожны мае магчымасць рэалізаваць сябе. У кожнага з вас наперадзе вялікае будучае, і сёння вы робіце ўпэўненыя крокі да яго. Атрыманне пашпарта – гэта ўваходжанне ў самастойнае жыццё. Але быць грамадзянінам – гэта не толькі мець правы, гэта яшчэ і вельмі адказны абавязак. У першую чаргу – рабіць усё залежнае ад вас для працвітання нашай Радзімы, - звярнуўся да рабят старшыня райвыканкама.

Пасля цырымоніі ўручэння пашпартоў рабяты сталі ўдзельнікамі адкрытага дыялогу і змаглі задаць свае пытанні Міхаілу Кісялевічу.

Кім марылі стаць у дзяцінстве, ці памятаеце ўручэнне Вам пашпарта, якіх падыходаў прытрымліваецеся ў выхаванні дзяцей, пра што марыце? Гэтыя і іншыя пытанні адрасавалі школьнікі Міхаілу Леанідавічу.

Сустрэча выйшла ўрачыстай, душэўнай і, вядома, запамінальнай. Як адзначыў старшыня райвыканкама, з кожным разам такія сустрэчы з моладдзю пакідаюць у яго сэрцы ўсё больш цёплых пачуццяў, бо нашы юныя рабяты поўныя усвядомленасці, мэтанакіраванасці і энтузіязму. І тут прасочваецца толькі станоўчая дынаміка.