Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, пройдуць сёння ў школах Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Да заняткаў прыступаюць 1 млн 30 тыс. школьнікаў, у тым ліку 115 тыс. першакласнікаў (у 2018/2019 годзе - 110,2 тыс.). Тэмай першага ўрока паслужыць радок са верша Янкі Купалы "Маладая Беларусь" - "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!". Як адзначылі ў Мінадукацыі, "выдатныя словы беларускага песняра сугучныя з тэмай Года малой радзімы, падкрэсліваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, які ўмацаваўся за 25 гадоў існавання інстытута прэзідэнцтва". Першы ўрок прысвецяць таксама Вялікай Перамозе.

Кожны першакласнік краіны атрымае ў падарунак ад Прэзідэнта кнігу "Беларусь - наша Радзіма" з электронным DVD-дадаткам. Выданне ярка ілюстравана, а DVD змяшчае дадатковую інфармацыю для прагляду і праслухоўвання, інтэрактыўныя гульні і заданні (віктарыны, пазлы, электронныя размалёўкі і інш.).

У новым навучальным годзе ў Беларусі будуць працаваць 2951 установа дашкольнай адукацыі і 3003 - агульнай сярэдняй, у тым ліку 8 школ-новабудоўляў на 7288 месцаў. Адкрыюць свае дзверы для навучэнцаў 127 прафесійных каледжаў, ліцэяў і 111 сярэдніх спецыяльных устаноў, а таксама 47 і 83 установы, якія рэалізуюць праграмы прафтэхаў і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адпаведна. Студэнты будуць вучыцца ў 42 дзяржаўных і 9 прыватных ВНУ.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)