29 сакавіка, Наваполацк /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тавараабарот Беларусі і Латвіі за студзень-люты бягучага года вырас больш чым у 3,5 раза. Пра гэта паведаміў сёння на Першым беларуска-латвійскім форуме гарадоў-пабрацімаў пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Латвія з'яўляецца найважнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Герасіменка. Толькі за мінулы год на тэрыторыі гэтай краіны створана дадаткова 82 сумесныя прадпрыемствы з беларускім капіталам (цяпер іх налічваецца больш за 500), а ў Беларусі - 63 прадпрыемствы з латвійскім капіталам (адпаведна 377). Праз Латвію праходзіць галоўны транзітны калідор Беларусі: перавозіцца 57% беларускіх сухапутных грузаў, а парты на 30% заняты перавалкай нашых тавараў. Акрамя таго, Латвія - адзін з галоўных інвестыцыйных партнёраў Беларусі. За мінулы год інвестыцыі Латвіі ў Беларусь склалі $118,5 млн., у тым ліку каля паловы з іх - прамыя. Усяго ж за апошнія пяць гадоў інвестыцыі дасягнулі $700 млн. "Усё гэта сведчыць аб велізарным жаданні бізнесменаў дзвюх краін супрацоўнічаць, яны бачаць у гэтым узаемную выгаду", - сказаў Аляксандр Герасіменка. Паводле яго слоў, прадстаўнікі латвійскага бізнесу былі катэгарычна супраць санкцый у дачыненні да Беларусі, выступалі з такімі заявамі ў еўрапейскай бізнес-супольнасці. Дыпламат выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь і Латвія знойдуць шляхі працягваць актыўна развіваць сумесныя гандлёва-эканамічныя сувязі, і заклікаў прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і бізнесу выкарыстоўваць усе магчымасці для наладжвання кантактаў паміж рэгіёнамі і паглыблення супрацоўніцтва.-0-

БЕЛТА