15 жніўня, Масква /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь і Расія валодаюць неабходным патэнцыялам для значнага нарошчвання таваразвароту і павелічэння яго ў 2011 годзе да ўзроўню, які перавышае дакрызісны 2008 год. Аб гэтым заявіў сёння падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам у фармаце адзін на адзін у межах пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы старшыня ўрада Расіі Уладзімір Пуцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аналізуючы дынаміку таваразвароту паміж краінамі, Уладзімір Пуцін у цэлым станоўча ацаніў сітуацыю. У 2010 годзе таваразварот паміж краінамі дэманстраваў рост. У студзені-чэрвені бягучага года гэты рост захаваўся і таваразварот дасягнуў $17,6 млрд. На думку старшыні расійскага ўрада, калі такая дынаміка і тэмп будуць падтрымлівацца, то ёсць усе перадумовы для таго, каб краіны перавысілі па таваразвароце паказчыкі дакрызіснага 2008 года. Уладзімір Пуцін таксама дадаў, што інтэграцыя Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы дае свае плады, у той жа час ёсць пытанні, якія патрабуюць дадатковай увагі. Ён нагадаў, што на сённяшнім пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы трэба будзе абмеркаваць 16 пытанняў, прапрацаваных на ўзроўні экспертаў. У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што падчас маючага пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы будзе разгледжана дзве асноўныя групы пытанняў. Прэм'ер-міністр Беларусі дадаў, што Беларусь і Расія разгледзяць асобныя прамежкавыя вынікі інтэграцыі, каб надаць новы імпульс развіццю супрацоўніцтва. На думку Міхаіла Мясніковіча, тое, што краіны запланавалі новыя сумесныя навукова-тэхнічныя праграмы і інавацыйныя праекты, сведчыць аб новай якасці беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Расія з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. На долю Расіі ў 2010 годзе прыпадала 46,6% агульнага аб'ёму знешняга гандлю Беларусі. Наша краіна таксама выступае адным з асноўных гандлёвых партнёраў Расійскай Федэрацыі і па выніках 2010 года знаходзіцца на шостым месцы ва знешнегандлёвым абароце Расіі пасля Кітая, Нідэрландаў, Германіі, Італіі, Украіны. Таваразварот Беларусі з Расійскай Федэрацыяй за 2010 год дасягнуў $28,03 млрд., або 118,9% да ўзроўню 2009 года. Экспарт склаў $9,95 млрд. (148,2%), імпарт - $18,08 млрд. (108,1%). Знешнегандлёвае сальда для Беларусі ў 2010 годзе склалася адмоўнае ў памеры $8,1 млрд.