9 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй у 2011 годзе перавысіць $40 млрд. Такое меркаванне выказаў сёння на сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Толькі за першы квартал гэтага года тавараабарот нашых краін склаў $11 млрд. Па выніках года ён пераадолее $40 млрд.", - сказаў Павел Барадзін, адзначыўшы, што такіх развітых эканамічных адносін у Расіі няма нават з некаторымі буйнымі краінамі свету. Дзяржсакратар таксама нагадаў, што ў цяперашні час вядзецца абмеркаванне новых саюзных праграм у сферы вытворчасці абутку, будаўніцтва, выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі, трамвайна-тралейбуснага парку і іншых напрамкаў. "Іх рэалізацыя будзе спрыяць далейшаму паглыбленню беларуска-расійскіх эканамічных адносін", - упэўнены Павел Барадзін. Як адзначыў Аляксандр Косінец, Віцебская вобласць адкрыта для разгляду любых новых праектаў і прапаноў. Так, напрыклад, зараз абмяркоўваецца праект коштам $3,5 млрд. з удзелам расійскага інвестара па будаўніцтве нафтахімічнага завода. "Мы зацікаўлены ў стварэнні новых вытворчасцей, лагістычных цэнтраў, развіцці прамысловай індустрыі", - заключыў губернатар, падкрэсліўшы, што станоўчая дынаміка развіцця рэгіёну дазваляе з упэўненасцю глядзець наперад і будаваць планы на будучыню. Так, рост ВУП у Віцебскай вобласці за студзень-май гэтага года дасягнуў 113% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года, удзельная вага складскіх запасаў да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці склала 32%, выраслі прадукцыйнасць працы і выпуск прамысловай прадукцыі.-0-

БЕЛТА