4 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тавараабарот ад правядзення школьных кірмашоў і продажаў у Віцебскай вобласці склаў больш за Br9 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама. Масавае правядзенне школьных кірмашоў і продажаў у рэгіёне стартавала з сярэдзіны ліпеня. Усяго за мінулы перыяд часу ў гарадах, раённых цэнтрах і Віцебску адбылося 335 выстаў-продажаў і пашыраных продажаў тавараў для школьнікаў. Традыцыйна 18 і 25 жніўня прайшлі буйныя школьныя кірмашы з удзелам прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў вобласці, тавараабарот склаў Br793 млн., або 181% да ўзроўню аналагічнага паказчыка 2011-га. Акрамя таго, рэалізацыя школьнай прадукцыі вялася на базе 1,3 тыс. гандлёвых аб'ектаў, у якіх дадаткова для гэтага было створана 31 рабочае месца. Таксама ў гандлёвай сетцы рэгіёну дзейнічала больш за 1 тыс. куткоў для першакласнікаў. Гандлёвыя надбаўкі на тавары школьнага асартыменту ў асноўных базавых гандлёвых прадпрыемствах Віцебскай вобласці ў гэтым годзе не перавышалі 25%. А каб бацькі змаглі цалкам набыць неабходныя для падрыхтоўкі да школы тавары, у крамах, гандлёвых дамах, універмагах праводзілі розныя акцыі, накіраваныя ў першую чаргу на катэгорыі шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў. Мінімальны спажывецкі кошык для экіпіроўкі дзяцей малодшага школьнага ўзросту склаў Br1-1,1 млн., старэйшага школьнага ўзросту - Br1,2-1,3 млн.-0-

БЕЛТА