Тавары беларускай вытворчасці на прылаўках віцебскіх крамаў складаюць 83,2%
21.12.20110 праглядаў
21 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тавары беларускай вытворчасці ў агульным аб'ёме рознічнага тавараабароту афіцыйна ўлічваемай гандлёвай сеткі Віцебскай вобласці займаюць 83,2%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
На харчовых прылаўках таварам айчыннай вытворчасці адводзіцца 88,6%, нехарчовыя тавары беларускіх вытворцаў займаюць 75,1% у рознічным тавараабароце. У бягучым годзе на спажывецкім рынку рэгіёну захавана стабільнасць і забяспечана высокая таварная насычанасць. У студзені-лістападзе бягучага года гандаль канстатаваў рост рэалізацыі мяса і птушкі на 16,2% у параўнанні са студзенем-лістападам мінулага года, мясных кансерваў і цукру - больш чым на 40%, мукі, расліннага алею - на траціну. Рэалізацыя адзення і бялізны за гэты ж перыяд павялічылася ў 1,9 раза, абутку - у 1,7 раза, панчошна-шкарпэткавых вырабаў - у 1,6 раза, пральных машын у 1,4 раза, халадзільнікаў і маразільнікаў - у 1,2 раза.
За 11 месяцаў 2011 года тэмп росту рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі склаў 114,6%. Па тэмпах росту тавараабароту вобласць займае першае месца сярод рэгіёнаў рэспублікі.
З пачатку года праведзена амаль 2 тыс. кірмашоў "выхаднога дня", рэалізавана тавараў на суму больш Br38 млрд. Праведзена каля 2 тыс. распродажаў нехарчовых тавараў, у тым ліку са зніжэннем адпускных цэн арганізацыямі-вытворцамі і гандлёвых надбавак арганізацыямі гандлю. Тавараабарот ад распродажаў перавысіў Br27 млрд. Арганізавана 1215 выставак-продажаў кулінарных і кандытарскіх вырабаў на агульную суму Br1,9 млрд.
У вобласці з пачатку года адкрыта 96 аб'ектаў гандлю агульнай плошчай 11,3 тыс. кв. м. У цяперашні час гандлёвае абслугоўванне ў вобласці ажыццяўляюць больш за 6 тыс. аб'ектаў гандлю гандлёвай плошчай 509,7 тыс. кв. м і амаль 2 тыс. аб'ектаў грамадскага харчавання на 96,4 тыс. месцаў.
Галоўнай задачай на наступны год гандаль вобласці лічыць забеспячэнне насельніцтва высока-якаснымі таварамі, пашырэнне іх асартыменту пры высокім узроўні абслугоўвання. Працягнецца праца па адкрыцці шматпрофільных гандлёвых цэнтраў, сацыяльна арыентаваных рознічных гандлёвых аб'ектаў дыскаўнтэраў з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі, аб'ектаў грамадскага харчавання для розных катэгорый грамадзян. Плануецца ўвесці 25 гандлёвых аб'ектаў, намечаны будаўніцтва і рэканструкцыя трох рынкаў у Наваполацку, Полацку, Дубровне. Прадугледжваецца адкрыццё 51 аб'екта грамадскага харчавання на 2518 месцаў, з іх 20 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Праца па развіцці гандлёвай інфраструктуры дазволіць да канца 2012 года павялічыць забяспечанасць насельніцтва гандлёвымі плошчамі да 425 кв.м, агульнадаступнымі аб'ектамі грамадскага харчавання - да 31 месца на 1000 жыхароў.-0-
БЕЛТА