Нявестам на заметку: традыцыйныя вясельныя галаўныя ўборы і артэфакты жыхароў Віцебскай вобласці пакажуць на выставе ў горадзе на Дзвіне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці.

Выстава "Вянок нявесты" адкрыецца 23 кастрычніка. Яе аснову складуць традыцыйныя галаўныя вясельныя ўборы розных рэлігійных канфесій, якія прывязуць прадстаўнікі раённых Дамоў рамёстваў. У складзе калекцый таксама будуць дэманстравацца павязкі і вянкі сябровак нявест, картузы жаніха і шафераў, хустачкі (насілі на плячах жаніх і яго дружкі, шаферы), букеты (насілі на грудзях дружкі, шаферы), фатаграфіі ў рамках, артэфакты пасагу нявесты, атрыбуты вясельнага абраду, лялечныя кампазіцыі вясельнага сюжэта і многае іншае.

Усе экспанаты адносяцца да XX стагоддзя. Частка з іх аўтэнтычная. Некаторыя рэчы былі карпатліва адноўлены па захаваных успамінах старажылаў і этнаграфічных навуковых даных. Лепшыя працы майстроў адзначаць спецыяльнымі дыпломамі.

Падчас выставы для наведвальнікаў будзе працаваць фотазона, запланаваны майстар-клас па вырабе вясельнага вянка і дэманстрацыя абрадаў апранання нявесты, павязвання хусткі.

Азнаёміцца з выставай можна будзе да 29 лістапада.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)