27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Оршы супрацоўнікі транспартнай міліцыі затрымалі дваіх непрацуючых жыхароў гарадскога пасёлка Белынічы, у якіх канфіскавалі 130 піратэхнічных вырабаў. Пра гэта БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар УУС на транспарце МУС Аляксандр Марчанка. Жыхары Белынічаў былі затрыманы на пероне чыгуначнага вакзала. У іх дачыненні складзены адміністрацыйныя пратаколы па ч.1 арт. 23.48 КаАП (парушэнне правілаў звароту з агнястрэльнай зброяй, выбуховымі, лёгкаўзгаральнымі, едкімі рэчывамі або піратэхнічнымі вырабамі). Па гэтым артыкуле пагражае штраф у памеры да 10 базавых велічынь (цяпер адна БВ роўная Br100 тыс.), а ў выпадку паўторнага парушэння - ад 10 да 20 базавых. Як паведамлялася, міліцыя ўжо ў першай дэкадзе снежня выявіла 65 парушэнняў заканадаўства аб рэалізацыі піратэхнікі. Было канфіскавана больш за 72 тыс. адзінак выбухованебяспечнай прадукцыі. У асноўным петарды ў Беларусь вязуць нелегальна з Расіі і Украіны. Месцы, дзе звычайна збываюць з рук піратэхніку, міліцыі вядомыя і знаходзяцца пад пільным кантролем. Пры гэтым як за продаж, так і за выкарыстанне нелегальнай піратэхнікі прадугледжана пакаранне, аж да адміністрацыйнага арышту. Акрамя таго, на масавыя навагоднія мерапрыемствы ўваход будзе ажыццяўляцца праз КПП і любая піратэхніка будзе канфіскавацца. Выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі можна толькі на адкрытых пляцоўках, удалечыні ад жылых дамоў. Прычым піратэхніка не павінна апынуцца ў руках дзяцей. Асаблівую ўвагу трэба надаць якасці набытага тавару - пры куплі варта папрасіць сертыфікат у прадаўца. Нельга выкарыстоўваць феерверкі з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці. Прадаж піратэхнічных вырабаў у Беларусі дапускаецца толькі ў спецыялізаваных крамах. Да ўжывання без спецыяльных дазволаў дапускаюцца вырабы бытавога прызначэння (пістоны, хлапушкі, бенгальскія агні), якія рэалізуюцца ў раздробнай гандлёвай сетцы і зварот з якімі не патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў. Да кожнага піратэхнічнага вырабу ў абавязковым парадку павінна быць прыкладзена інструкцыя па ўжыванні, якая змяшчае выдзелены шрыфтам тэкст аб небяспецы вырабу і абмежаваннях па яго ўжыванні.-0-

БЕЛТА