9 верасня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Трэнінг "Нацыянальная сістэма сацыяльнага заказу. Нацыянальны механізм перанакіравання: стандарты ідэнтыфікацыі і аказання дапамогі ахвярам гандлю людзьмі" пройдзе ў Віцебску 10-11 верасня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
У трэнінгу запланаваны ўдзел прадстаўнікоў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Віцебскага аблвыканкама, раённых адміністрацый горада Віцебска, выканкамаў Лепельскага, Лёзненскага і Пастаўскага раёнаў, а таксама тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і грамадскіх арганізацый гэтых рэгіёнаў.
У ходзе трэнінгу будуць дадзены тлумачэнні новай рэдакцыі закона аб сацыяльным абслугоўванні і агучаны вынікі навукова-даследчай работы па распрацоўцы стандартаў якасці сацыяльных паслуг; пройдзе прэзентацыя "Змест і стандарты якасці сацыяльных паслуг, якія прадастаўляюцца грамадскімі аб'яднаннямі Беларусі, у галіне процідзеяння гандлю людзьмі"; будзе дадзена ацэнка магчымасцей прымянення механізму дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў рэгіёнах вобласці.
Сёлета Наваполацкі гарвыканкам сумесна з Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) апрабуе механізм рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу па прадастаўленні асобным катэгорыям грамадзян медыка-сацыяльнага догляду на даму. У цяперашні час у горадзе працуюць 5 медсясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа, якія абслугоўваюць на даму 46 чалавек.
Фінансаванне расходаў па заработнай плаце ажыццяўляецца за кошт праекта "Ад інавацый у сацыяльнай сферы - да новай якасці жыцця", які на працягу 2013 года рэалізуецца па праграме падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі.