У Полацку 25-26 красавіка пройдзе 3-я канферэнцыя Пагаднення мэраў у Беларусі, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Асноўнымі пытаннямі для абмеркавання стануць фінансавыя механізмы, якія могуць быць выкарыстаны гарадамі - удзельнікамі Пагаднення мэраў. Магчымасці атрымання дадатковага фінансавання ўзнікаюць у сувязі з тым, што пасля далучэння да ініцыятывы гарады распрацоўваюць планы дзеянняў у галіне ўстойлівай энергетыкі і клімату, якія накіраваны на зніжэнне выкідаў парніковых газаў на 30% да 2030 года. Планы могуць уключаць мерапрыемствы ў розных сферах гарадской гаспадаркі ад транспарту да ўцяплення будынкаў.
"Асаблівая ўвага на канферэнцыі будзе нададзена павышэнню энергаэфектыўнасці ў шматкватэрных жылых дамах, скарачэнню выкідаў парніковых газаў у сектары абыходжання з адходамі, адаптацыі да змены клімату і зялёнай інфраструктуры ў гарадах. Таксама будзе прадстаўлены інавацыйны вопыт змякчэння наступстваў змены клімату і адаптацыі яго на мясцовым узроўні ў Беларусі і Еўропе", - адзначылі арганізатары.
Праграма ўключае не толькі прэзентацыі і панэльныя дыскусіі, але і наведванне дэманстрацыйных пляцовак па энергаэфектыўнасці і гістарычных аб'ектаў.
Канферэнцыя праводзіцца ў рамках праекта "Падтрымка ініцыятывы "Пагадненне мэраў" у Беларусі", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. У цяперашні час да ініцыятывы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў далучыліся 45 беларускіх і больш за 8,8 тыс. гарадоў іншых еўрапейскіх краін. Полацк першым падпісаў пагадненне ў Беларусі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Полацкі райвыканкам, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, МАА "Экапартнёрства", фонд "Інтэракцыя" і праект ГЭФ\ПРААН "Зялёныя гарады".