19 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Трыста Дзядоў Марозаў запаляць навагоднюю елку 23 снежня ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.
Агульнагарадская акцыя "Запалім навагоднюю елку разам" збярэ жыхароў абласнога цэнтра і казачных персанажаў на плошчы Свабоды. Менавіта адсюль роўна ў 17.00 пачнецца святочнае шэсце да галоўнага месца падзей - плошчы Перамогі. Святочную калону ў мудрагелістай карэце ўзначаліць галоўны Дзед Мароз і Снягурка горада, за імі ў суправаджэнні сваіх верных спадарожніц будуць рухацца астатнія пары ўладальнікаў чароўнай палкі і мяшка з падарункамі. Апошнімі пачне рух тэхніка раёнаў і прадпрыемстваў горада, МНС, УУС, карэты хуткай дапамогі, аформленыя ў казачных матывах.
На плошчы Перамогі ўдзельнікі параду прымуць удзел у шматлікіх забаўляльных конкурсах і жартаўлівых забавах, апафеозам якіх стане запальванне святочных агнёў на галоўнай гарадской ёлцы. Адначасова з ёй заззяюць і іншыя зялёныя прыгажуні, якія ўпрыгожылі мікрараёны абласнога цэнтра. Затым свята працягнецца.
Грамадскі транспарт 23 снежня будзе працаваць у штатным рэжыме. Разам з тым некаторыя затрымкі могуць адбыцца ў руху аўтобусаў, тралейбусаў і маршрутак, якія праходзяць праз плошчу Свабоды, падчас святочнага шэсця, адзначылі ў гарвыканкаме. У навагоднюю ноч транспарт у Віцебску таксама будзе працаваць кругласутачна з плаўным выхадам 1 студзеня на графік выходнага дня, што, аднак, не паўплывае на яго забеспячэнне ў густанаселеных раёнах. Акрамя таго, для паляпшэння абслугоўвання насельніцтва ў гэтыя святочныя дні на плошчы Перамогі будзе ўстаноўлены перасоўны дыспетчарскі пункт, які дазволіць хутка і эфектыўна каардынаваць паток аўтобусаў, трамваяў і тралейбусаў для своечасовага забеспячэння перавозак.-0-
БЕЛТА
Трыста Дзядоў Марозаў запаляць навагоднюю елку 23 снежня ў Віцебску
19.12.20110 праглядаў