У мэтах рэалізацыі норм артыкула 262 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 г. № 35, якая ўступіла ў сілу з 25 ліпеня 2014 г., устаноўлены Спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын. Указаная пастанова прынята замест страціўшай сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2000 г. № 765, якая зацвярджала раней дзеючы аналагічны спіс.
Умовы працы работніка вызначаюцца не найменнем яго прафесіі або пасады, а залежаць ад тэхналагічнага працэсу, які прымяняецца абсталявання і арганізацыі працы на канкрэтным працоўным месцы. Таму пастановай прадугледжана, што забараняльная норма дзейнічае толькі пры ўмове аднясення выконваемых на канкрэтным працоўным месцы работ да работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы па выніках атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы.
Гэтая норма дазваляе наймальнікам прыцягваць жанчын да выканання работ, прадугледжаных Спісам, калі ў выніку ўдасканалення тэхналагічных працэсаў, укаранення новай тэхнікі, прымянення новых форм арганізацыі працы ўмовы працы прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарных норм, г.зн. па выніках атэстацыі аднесены да дапушчальных (клас 2).
Акрамя таго, зняты абмежаванні на прымяненне працы жанчын на шэрагу работ у горназдабыўной прамысловасці (звязаных з навучаннем і стажыроўкай у падземных частках арганізацыі, маркшэйдарскіх і геолагаразведачных работ, работ, звязаных з атрыманнем, захоўваннем і выдачай выбуховых і гаруча-змазачных матэрыялаў, абслугоўваннем стацыянарных механізмаў, якія маюць аўтаматычнае кіраванне, і іншых работ, не звязаных з фізічнай нагрузкай). Са спісу выключаны віды работ, якія не прымяняюцца ў рэспубліцы, а таксама ўлічаны змены ў найменнях прафесій і пасад.
Рэалізацыя норм пастановы будзе спрыяць пашырэнню магчымасцей працаўладкавання жанчын.