Цяжкіх падлеткаў будуць адпраўляць на перавыхаванне ў спец установы за тры правапарушэнні на год - МУС
31.5.20110 праглядаў
31 мая, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Цяжкіх падлеткаў, якія за год здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні тры разы ці больш, прапануецца накіроўваць на перавыхаванне ў спецыяльныя вучэбна- і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы сістэмы Мінадукацыі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Аляксандр Сароковік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прапанова аб пашырэнні катэгорыі падлеткаў, якіх варта накіроўваць на перавыхаванне ў спецустанову, змяшчаецца ў законапраекце аб унясенні паправак у закон аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Дакумент ужо прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў.
Паводле даных МУС, на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх знаходзяцца каля 14 тыс. падлеткаў, у тым ліку каля 1,5 тыс. чалавек, асуджаных да мер пакарання, звязаных з ізаляцыяй ад грамадства, а таксама амніставаных, якія вярнуліся з выхаваўчых калоній, спецвучэльняў закрытага тыпу. "Па выніках мінулага года гэтай катэгорыяй здзейснена 957 крымінальна каральных дзеянняў. У 2010 годзе з 342-х падлеткаў, якія тры і больш раз прыцягваліся за здзяйсненне правапарушэнняў, 109 чалавек пасля здзейснілі злачынствы", - сказаў Аляксандр Мелешка.
Напрыклад, аднаго з падлеткаў у 2010 годзе 22 разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, здзейсненыя ў стане алкагольнага ап'янэння. У выніку яму паставілі дыягназ алкагольная залежнасць. Іншага падлетка тройчы прыцягвалі да адказнасці за дробнае хуліганства і распіццё алкаголю ў грамадскіх месцах, а ў выніку асудзілі за забойства. Магчыма, калі б іх накіравалі ў спецустановы, трагедый удалося б пазбегнуць.
Прадстаўнік МУС лічыць, што накіраванне цяжкіх падлеткаў на перавыхаванне дазволіць дамагчыся большых поспехаў па зніжэнні ўзроўню падлеткавай злачыннасці. Хоць і цяпер ёсць пэўныя дасягненні ў гэтым напрамку. Так, у апошнія гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці злачынстваў, здзейсненых падлеткамі. Удзельная вага такіх злачынстваў на працягу шэрагу гадоў складае каля 5%. Штогод змяншаецца колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з удзелам непаўналетніх, у тым ліку здзейсненых імі ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янэння, падлеткамі з судзімасцю і ў групах.
За мінулы год шмат у чым дзякуючы ўвядзенню забароны на распіццё піва ў грамадскіх месцах удалося больш чым на 20% знізіць колькасць падлеткаў, якія здзейснілі злачынствы ў стане алкагольнага ап'янення. Тым не менш праблема падлеткавага алкагалізму застаецца актуальнай. Амаль кожны чацвёрты падлетак на момант здзяйснення злачынства знаходзіўся ў нецвярозым стане.
Для прафілактыкі падлеткавай злачыннасці ў Беларусі наладжана сістэма ўзаемадзеяння зацікаўленых дзяржорганаў і грамадскіх арганізацый. Ідзе пошук новых метадаў і форм працы з падлеткамі. Традыцыйнымі сталі многія акцыі, конкурсы па фарміраванні законапаслухмяных паводзін, турпаходы і злёты, экскурсіі, наведванне помнікаў гісторыі і культуры, спаборніцтвы. Праваслаўныя святары праводзяць пастырскія гутаркі з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў ІСН. На базе часцей і падраздзяленняў МУС, МНС, Мінабароны, ДПК арганізуецца праца ваенна-патрыятычных і абаронна-спартыўных лагераў. У чэрвені гэтага года плануецца арганізаваць працу каля 150 такіх лагераў, дзе будуць знаходзіцца каля 5 тыс. падлеткаў.-0-
БЕЛТА