На Віцебшчыне працягваюць працу грамадскія прыёмныя па зборы ініцыятыў па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і актуальных праблемах краіны і рэгіёнаў.
На Віцебшчыне працягваюць працу грамадскія прыёмныя па зборы ініцыятыў па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і актуальных праблемах краіны і рэгіёнаў. Розныя прапановы, якія тычацца будучыні нашай краіны, выслухалі падчас працы грамадскай прыёмнай у Віцебску намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Юрый Выжыкоўскі і намеснік старшыні абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Валерый Башметаў.
На думку старшыні Маладзёжнай палаты Віцебска Руслана Новікава, кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў – кіраўнікі гарадоў, раёнаў, абласцей – павінны не прызначацца Кіраўніком дзяржавы, а выбірацца:
– Мы прыцягнем і насельніцтва да палітычнай культуры, і ў кіраўніка, выбранага такім чынам на пасаду, будзе вялікая адказнасць перад выбаршчыкамі.
Каб у асобных грамадзян не было няправільнага разумення артыкула 33 Канстытуцыі, дзе сказана «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне», Таццяна Анішчык прапанавала дапоўніць: «у формах, словах і дзеяннях, якія не парушаюць грамадскі парадак, адпавядаюць агульнапрынятым нормам маралі, маральным і эстэтычным прынцыпам».
Пенсіянер Леанід Свіржэўскі лічыць, што ў Парламенце дастаткова адной палаты, няма сэнсу іх раздзяляць на дзве, бо яны ўсё роўна робяць адну справу. Таксама ён хацеў бы, каб вярнулі пенсіянерам льготы на праезд, на выплату дарожнага збору і іншыя. Акрамя гэтага Леанід Казіміравіч прапанаваў, каб адна з буйных гандлёвых сетак краіны не разыгрывала кватэры і машыны, а з гэтых грошай стварыла фонд дапамогі хворым дзецям ці лекарам.
Складана не заўважыць, што грамадства ўсё больш выразна дзеліцца на тых, хто стварае і здзяйсняе, і на тых, хто абыякавы або імкнецца ўсё зламаць. Таму Таццяна прапанавала ўвесці выхаваўчы элемент на ўроках працы ў школах:
– Дзеці павінны рабіць не нешта абстрактнае, маўляў, можа быць, калі-небудзь гэта вам спатрэбіцца, а старацца дзеля канкрэтнай мэты камусьці зрабіць дабро. Напрыклад, вырабляць лаўкі, парэнчы, шыльды, таблічкі з мудрымі выслоўямі для добраўпарадкавання зон адпачынку і іншых грамадскіх месцаў з правам рабіць подпісы на сваіх шэдэўрах «Любімаму гораду ад вучняў такога-то класа такой-то школы». Тады дзеці асабіста, на ўласным прыкладзе будуць разумець, як гэта нялёгка зрабіць, і ў іх не ўзнікне жадання руйнаваць усё вакол.
Аляксандр Галай упэўнены, што маладыя людзі паводзяць сябе недастойна, таму што жывуць без Бога ў душы:
– Павінна адбыцца духоўная рэфармацыя Беларусі, пакаянне, нацыя можа адрадзіцца толькі на падставе хрысціянскіх, сямейных каштоўнасцей. Але для гэтага трэба больш удзяляць увагі духоўнаму выхаванню моладзі.
У Віцебску праца грамадскіх прыёмных яшчэ працягнецца кожную сераду і пятніцу з 16:00 да 20:00, дзе спецыялісты розных ведамстваў выслухаюць прапановы грамадзян. Ініцыятывы, агучаныя падчас працы грамадскіх прыёмных, цяпер акумулююцца і будуць абмяркоўвацца на Усебеларускім народным сходзе, дзе будзе выпрацавана стратэгія далейшага развіцця нашай краіны.