29 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з лістапада бягучага года працоўныя пенсіі вырастуць у сярэднім на 10%. Дадатковыя выдаткі на гэтыя мэты складуць Br135,7 млрд. у месяц. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва, каментуючы ўказ аб павышэнні з лістапада памеру працоўных і сацыяльных пенсій. Пенсійную прыбаўку адчуюць звыш 2,4 млн. чалавек, якія атрымліваюць працоўныя пенсіі ў сістэме органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Сярэдні памер працоўнай пенсіі па ўзросту павялічыцца з Br555 тыс. у кастрычніку да Br610,9 тыс. у лістападзе. Намеснік міністра звярнула ўвагу пенсіянераў на тое, што памер павелічэння пенсіі ў кожнага будзе залежаць ад індывідуальных параметраў яго стажу і заробку, а таксама ўстаноўленых да пенсіі надбавак і павышэнняў. Максімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросту для непрацуючых пенсіянераў, якія маюць стаж 40 гадоў у жанчын і 45 гадоў у мужчын і пры індывідуальным каэфіцыенце 4,0 і вышэй, дасягне з лістапада Br954,9 тыс. (у кастрычніку - Br864 тыс. 100). У працуючых пенсіянераў, якія маюць стаж 40/45 гадоў і індывідуальны каэфіцыент 1,3 і вышэй, максімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросту складзе з лістапада Br693 тыс. 150 (у кастрычніку - Br627 тыс. 240). Указам таксама ўстаноўлена штомесячная даплата да сацыяльных пенсій дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідам першай, другой і трэцяй групы (у тым ліку інвалідам з дзяцінства), дзецям, якія страцілі кармільца, у памеры Br40 тыс. Такіх атрымальнікаў у краіне - каля 50 тыс. чалавек. "Неабходныя сродкі на выплату павышаных пенсій у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны маюцца, - запэўніла прадстаўнік міністэрства. - Выплаты ў новых памерах пачнуцца ўжо з 1 лістапада, яны будуць праведзены своечасова і ў поўным аб'ёме".