16 студзеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі, паводле ацэнкі, працоўныя пенсіі ў лютым у выніку пераліку будуць павялічаны ў сярэднім на 20%. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, каментуючы ўказ №35 "Аб павышэнні пенсій". Указам устаноўлена, што пералікі працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў 2012 годзе будуць ажыццяўляцца штоквартальна. Так, пералік з 1 лютага будзе праведзены зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за IV квартал 2011 года. "Паводле ацэнкі, у выніку пераліку пенсіі будуць павялічаны ў сярэднім на 20%, - сказала міністр. - Канкрэтная велічыня сярэдняй заработнай платы работнікаў за IV квартал 2011 года будзе вядома пасля 20 студзеня". З 1 мая пенсіі будуць пералічаны зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за I квартал, з 1 жніўня - зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за II квартал, з 1 лістапада - зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за III квартал. "Рост пенсій у выніку пералікаў будзе залежаць ад росту сярэдняй заработнай платы работнікаў, а ў кожнага пенсіянера таксама - ад індывідуальных параметраў яго стажу працы, велічыні заробку і іншых даных, зафіксаваных у матэрыялах пенсійнай справы (у тым ліку ад наяўнасці права на надбаўкі і павышэнні да пенсіі)", - падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. Яна адзначыла, што дадатковыя выдаткі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на пералікі працоўных пенсій у гэтым годзе складуць Br9,8 трлн.-0-

БЕЛТА