14 сакавіка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Загадам "Белнафтахіма" з 14 сакавіка бягучага года цана на аўтабензін Нармаль-80, які рэалізуецца АЗС канцэрна, павышана амаль на 19% да Br2850 за літр, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна.
У "Белнафтахіме" адзначылі, што змяненне цаны на аўтабензін Нармаль-80 мае, перш за ўсё, экалагічную мэту. Гэты від аўтамабільнага паліва найбольш шкодны для навакольнага асяроддзя і забаронены да прымянення ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі, акрамя Расіі і Украіны.
"Плануецца, што спажыванне на ўнутраным рынку краіны гэтага састарэлага віду бензіну дзякуючы новай цэнавай палітыцы знізіцца. Гэта ў сваю чаргу будзе стымуляваць пераход на гатункі маторнага паліва, якія адпавядаюць еўрастандартам, што станоўча паўплывае на чысціню атмасфернага паветра", - растлумачылі ў прэс-службе канцэрна. Там адзначылі, што ў цяперашні час абмяркоўваецца пытанне аб спыненні выпуску Нармаль-80.
Пры павышэнні цаны на гэты від бензіну ва ўвагу было прынята таксама значнае скарачэнне за апошнія гады колькасці аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюць Нармаль-80. "Такім чынам, гэта рашэнне не павінна аказаць значнага ўздзеяння на агульную сітуацыю на рынку", - падкрэслілі ў "Белнафтахіме".
Нагадаем, што папярэдні раз кошт бензіну Нармаль-80 быў павышаны 3 сакавіка 2011 года на 6,7% да Br2400 за літр.
Канцэрн "Белнафтахім" аб'ядноўвае больш за 60 арганізацый. На яго долю прыпадае звыш 30% прамысловай вытворчасці Беларусі. Прадпрыемствы канцэрна вырабляюць больш за 500 відаў нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі. Каля 70% выпускаемай прадукцыі экспартуецца больш чым у 100 краін.-0-
БЕЛТА
Цана на аўтабензін Нармаль-80 з 14 сакавіка павышана амаль на 19%
14.3.20110 праглядаў