29 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебску сёння на аўкцыёне па продажы аб'ектаў дзяржуласнасці адзін лот прададзены за Br5,5 млрд., пры гэтым устаноўлены новы рэкорд перавышэння цаны продажу нерухомасці над пачатковай цаной - больш чым у 9 тыс. разоў. Ранейшы рэкорд (у 1,9 тыс. разоў) пратрымаўся крыху больш за год, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўкцыёнаў і конкурсаў фонду "Віцебскаблмаёмасць" Ларыса Шчаглова. Прадметам рэкордных таргоў стаў комплекс будынкаў і збудаванняў вытворчага прызначэння ў Полацкім раёне, якія належаць ААТ "Наваполацкжалезабетон". Цікавасць да нерухомасці выявілі сем патэнцыйных пакупнікоў. У выніку напружанай барацьбы на 96-м кроку аўкцыёніста вызначыўся пераможца, які прапанаваў за нерухомасць Br5,5 млрд. Па словах прадстаўніка новага ўласніка, аб'екты плануецца выкарыстоўваць для стварэння вытворчасці металаканструкцый. Усяго ў склад лота ўключана 17 будынкаў і збудаванняў агульнай плошчай звыш 40 тыс. кв.м, а таксама зямельныя ўчасткі агульнай плошчай больш за 11 га. Аб'екты нерухомасці прадаваліся з устанаўленнем пачатковай цаны кожнага з іх у адну базавую велічыню (Br35 тыс.). Па ўмовах аўкцыёну новы ўласнік абавязуецца арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць і штогод на працягу пяці гадоў ствараць не менш за пяць працоўных месцаў.-0-

БЕЛТА