14 снежня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Цэнтр электроннага падатковага інфармавання запрацуе ў Беларусі ў 2013 годзе. Пра гэта паведаміла сёння намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Эла Селіцкая на канферэнцыі "Актуальныя пытанні падаткаабкладання ў святле змяненняў падатковага заканадаўства 2013 года", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У 2013 годзе запрацуе цэнтр электроннага падатковага інфармавання. Гэта значыць, кожны плацельшчык зможа атрымліваць інфармацыю аб сваіх разліках з бюджэтам, аб наяўнасці запазычанасці або пераплат па плацяжах у бюджэт, аб памеры налічанай пені, аб праведзеных падатковым органам заліках", - растлумачыла Эла Селіцкая.
Плацельшчыкі, падлучаныя да сістэмы электроннага дэкларавання, змогуць у рэжыме рэальнага часу атрымліваць выпіску са свайго асабовага рахунку. Плацельшчыкі падатку на нерухомасць і падатку на зямлю змогуць атрымліваць інфармацыю ад цэнтра падатковага інфармавання аб аб'ектах нерухомасці, якія знаходзяцца ў іх уласнасці, валоданні і карыстанні, з якіх вылічаюцца названыя падаткі, аб суме такіх падаткаў і аб тэрмінах надыходзячых плацяжоў. "Усё гэта дасць магчымасць скараціць выдаткі падатковых органаў на паперу, канверты, дастаўку плацельшчыкам неабходных дакументаў", - адзначыла намеснік міністра.
Для таго, каб атрымліваць такую інфармацыю на свой электронны адрас, плацельшчыку неабходна будзе напісаць заяву і прадаставіць яе ў інспекцыю па месцы пастаноўкі на ўлік з указаннем у гэтай заяве электроннага адраса.
Таксама плануецца развіваць тэлефонна-даведачную сістэму, адзначыла Эла Селіцкая. Сёння дзеючы пры МПЗ кол-цэнтр абслугоўвае фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. "З новага года гэтая сістэма запрацуе і для юрыдычных асоб, але на першым этапе будзе працаваць аўтаінфарматар, які будзе адказваць на найбольш простыя пытанні арганізацый", - удакладніла намеснік міністра.-0-
БЕЛТА
Цэнтр электроннага падатковага інфармавання запрацуе ў Беларусі ў 2013 годзе
14.12.20120 праглядаў