Цэнтр культуры "Віцебск" і Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса прыступілі да рэалізацыі сумеснай праекта
2.3.20120 праглядаў
2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Цэнтр культуры "Віцебск" і Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса прыступілі да рэалізацыі сумеснай праекта "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё" па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія - Літва - Беларусь. Прэзентацыя праекта прайшла сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэты праект з'яўляецца лагічным працягам даўніх культурных сувязяў Віцебска і Даўгаўпілса і прызваны садзейнічаць распаўсюджванню ведаў аб нацыянальных культурах і фальклоры Беларусі і Латвіі", - падкрэсліў генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" Радзівон Бас.
Праект прадугледжвае правядзенне сумесных культурных мерапрыемстваў: святкаванне традыцыйных нацыянальных святаў Івана Купалы і Ліга пры ўдзеле беларускіх і латышскіх творчых калектываў з выкарыстаннем гістарычных і фальклорных тэм, накіраваных на захаванне і папулярызацыю фальклорных традыцый і звычаяў у памежных рэгіёнах; арганізацыю канцэртаў; рэалізацыю праграм па культурным абмене; забеспячэнне заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля танца "Лявоніха" Цэнтра культуры "Віцебск" беларускімі музычнымі інструментамі, сцэнічнымі касцюмамі і аксэсуарамі, навучанне ўдзельнікаў калектыву новым танцавальным пастаноўкам харэографам з Латвіі; рэканструкцыю летняй сцэны комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі - філіяла Цэнтра культуры "Віцебск". Усё гэта будзе садзейнічаць рэалізацыі асноўнай мэты праекта: з'явіцца магчымасць на больш высокім тэхнічным узроўні праводзіць розныя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя, накіраваныя на папулярызацыю нацыянальных культур, звычаяў і традыцый.
У прыватнасці, латышскія харэографы дадуць майстар-клас у Віцебску 24-25 сакавіка, а 8-9 красавіка творчыя калектывы Цэнтра культуры "Віцебск" выступяць з канцэртамі ў Даўгаўпілсе. Упершыню ў Віцебску ў гэтым годзе будзе шырока адзначацца свята Івана Купалы, а ў лістападзе ў гонар Дня незалежнасці Латвіі ў Віцебску выступіць духавы аркестр "Даугава". У 2013 годзе запланаваны майстар-класы віцебскіх харэографаў у Даўгаўпілсе і ўдзел калектываў Цэнтра культуры "Віцебск" у святкаванні народнага свята Ліга.
Рэалізацыя праекта разлічана на 2012-2013 гады. Агульны бюджэт складае 296,8 тыс. еўра. Бюджэт беларускай часткі праекта - 109,9 тыс. еўра, уключаючы 98,9 тыс. еўра са сродкаў Еўрапейскай камісіі.
Агульнай стратэгічнай мэтай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія - Літва - Беларусь, якая рэалізуецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства, з'яўляецца паляпшэнне тэрытарыяльнай згуртаванасці латвійскага, літоўскага і беларускага памежнага рэгіёна, гарантаванне высокага ўзроўню аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэнне эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту, а таксама садзейнічанне міжкультурнаму дыялогу і культурнай разнастайнасці.-0-
БЕЛТА