З пачатку 2017 года міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне “ЭкаБудаўнік” і вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “ЭкаДомБуд” сумесна з Heim-statt Tshernobyl e.V. (дабрачынная арганізацыя «Дамы замест Чарнобыля», Германія)...
З пачатку 2017 года міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне “ЭкаБудаўнік” і вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “ЭкаДомБуд” сумесна з Heim-statt Tshernobyl e.V. (дабрачынная арганізацыя «Дамы замест Чарнобыля», Германія) рэалізуюць праект па ўкараненні экалагічна чыстых мясцовых цеплаізаляцыйных матэрыялаў, у прыватнасці з трыснягу. У гэтым праекце таксама ўдзельнічаюць Muller Holzbau GmbH Co.KG. (Германія), ААТ «БЕЛГІПС», Фонд «ЭнергаБуд-Эфектыўнасць», Лепельскі раённы выканаўчы камітэт і ДПУ «Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі». Праект рэалізуецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі.
Праект нацэлены на ўкараненне, прасоўванне, а таксама больш шырокае выкарыстанне ў будаўніцтве мясцовых прыродных рэсурсазберагальных будаўнічых матэрыялаў, у прыватнасці трыснягу. Трысняг — чысты прыродны матэрыял, выдатны ўцяпляльнік. Расце ў прыродзе, не ўдабраўляецца, не апрацоўваецца хімікатамі, а рэгулярная ўборка спрыяе захаванню віду. Вырастае паўсюдна, у тым ліку ў Лепельскім раёне.
Для звычайных уцяпляльных матэрыялаў праводзіліся неабходныя даследаванні, для ўцяпляльнікаў з трыснягу — не. У 2017 годзе супрацоўнікі Навукова-даследчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па будаўніцтве “Інстытут БелНДІС” у рамках праекта неабходныя выпрабаванні правялі. Цеплафізічныя і экалагічныя даследаванні пліт трысняговых, цеплаізаляцыйных і канструктыўных элементаў на іх аснове прайшлі праверку ў лабараторыі. РУП “Будтэхнурм” распрацаваў рабочыя чарцяжы канструкцый сцен з ужываннем экалагічных матэрыялаў, інстытут “ВіцебскСельБудПраект” запраектаваў змены ў праекце (ужыванне экалагічнага ўцяпляльніка з трыснягу).
Сёлета на сацыяльным аб'екце “Цэнтр працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў” прадэманструем, што спажыванне энергіі можа быць зніжана дзякуючы ўжыванню мясцовых, вырабленых па экалагічных тэхналогіях уцяпляльнікаў з трыснягу. Адкрыем цэнтр у верасні. У мерапрыемстве паўдзельнічаюць прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі Heim-statt Tschernobyl e. V. і іншыя.
Усюды запланавана безбар'ернае асяроддзе. У адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі будуць зроблены парэнчы для зручнасці. Цяпер вядуцца ўнутраныя аздобныя работы, знешняе ўцяпленне, заліваецца фундамент для будучых майстэрняў.
На плошчы ў 450 квадратных метраў размесцяцца навучальныя кабінеты, пакой фізічнай рэабілітацыі, камп'ютарны клас, памяшканні для навучання рамонту і пранню бялізны і г.д.
Яўген НІКАЛАЕЎ.
На здымках: прэсоўшчык пліт чацвёртага разраду Мікалай Вышыванюк на будаўніцтве цэнтра; выгляд унутры будынка.
Фота аўтара.