У Віцебску з сённяшняга дня пачаў працаваць Цэнтр прыёму і перадачы інфармацыі ад людзей з парушэннямі слыху ў экстранныя службы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства глухіх" Лідзія Сакалоўская.
Цэнтр будзе працаваць кругласутачна на базе абласной арганізацыі Беларускага таварыства глухіх, дзе будуць працаваць чатыры перакладчыкі мовы жэстаў. Механізм дзеяння рэсурсу такі: чалавек звяртаецца ў цэнтр прыёму, сурдаперакладчык перадае паведамленне ў экстранныя службы, пасля чаго інфармуе таго, хто звярнуўся, што яго заяўка прынята, і паведамляе, напрыклад, праз які час прыбудзе хуткая дапамога.
"З'яўленне такога цэнтра значна палягчае жыццё інвалідаў па слыху. Цяпер ён у любы час можа звязацца па скайпе з супрацоўнікам Цэнтра экстраннай дапамогі і вырашыць сваё пытанне. Галоўная ўмова для дапамогі - наяўнасць у таго, хто звярнуўся мабільнага тэлефона, планшэта або камп'ютара з функцыяй відэасувязі", - растлумачыла Лідзія Сакалоўская.
Паводле яе слоў, жыхарам Віцебска дапамогуць і ў вырашэнні бытавых пытанняў (выклікаць сантэхніка, замовіць талон у паліклініцы). Для тых, хто звярнуўся з іншых гарадоў і раёнаў вобласці, пакуль будзе даступная толькі магчымасць выклікаць экстранныя службы.
Звязацца са спецыялістамі цэнтра прыёму і перадачы інфармацыі можна па Skype (9191-vitebsk), а таксама па тэлефонах (у тым ліку праз Viber і WhatsApp): 8(0212) 23-57-29 (гарадскі) і 8(025) 919-10-10 (Life).
Прадастаўленне сацыяльна-пасрэдніцкай паслугі па прыёме-перадачы паведамленняў у экстранныя службы ад людзей з парушэннямі слыху арганізавана праз дзяржаўны сацыяльны заказ.
У Віцебскай вобласці складаюцца ў шэрагах Беларускага таварыства глухіх крыху больш за 1 тыс. чалавек.