6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Цэнтр псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях пачаў функцыянаваць у Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, які знаходзіцца сёння з планавай паездкай у Віцебску. "У цяперашні час цэнтр ужо функцыянуе ў нармальным працоўным рэжыме", - сказаў Уладзімір Вашчанка. Узгоднена яго ўзаемадзеянне з усімі зацікаўленымі структурамі, напрацоўваецца нарматыўная база, наладжана ўзаемадзеянне з Цэнтрам экстраннай псіхалагічнай дапамогі МНС Расійскай Федэрацыі. "Яны ўжо даўно працуюць і назапасілі багаты вопыт, але ёсць добрыя напрацоўкі і ў нас", - адзначыў міністр. Паводле яго слоў, гэты цэнтр аб'яднае лепшы вопыт абласных структур. Плануецца, што ў штаце цэнтра будзе каля 40 супрацоўнікаў. "На першым этапе мы падрыхтавалі людзей, якія будуць стаяць на дзяжурстве, але пытанні, якія трэба вырашаць, яшчэ ёсць", - дадаў кіраўнік міністэрства. Падводзячы вынікі работы ведамства за першы квартал, Уладзімір Вашчанка адзначыў пэўнае паляпшэнне сітуацыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. Так, колькасць пажараў знізілася на 7%, гібель людзей паменшылася больш чым на 20%. "У цэлым работа праводзіцца нядрэнна, але сітуацыі з гібеллю людзей на пажарах і вадаёмах насцярожваюць і прымушаюць нас напружаней працаваць у гэтым напрамку", - канстатаваў міністр. Ён падкрэсліў, што добрага выніку ўдаецца дасягнуць, калі ўсе суб'екты прафілактыкі аб'ядноўваюць свае намаганні. Закранаючы работу Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, кіраўнік міністэрства адзначыў, што ў ёй ёсць як станоўчыя бакі, так і недахопы. "Ёсць над чым працаваць па ўсіх напрамках: па прафілактыцы пажараў, гібелі людзей і іншых пытаннях", - заключыў Уладзімір Вашчанка.-0-

БЕЛТА