29 красавіка, Гродна /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Цэнтральнай прэсе Беларусі трэба больш актыўна шукаць уласную нішу на рынку СМІ. Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў на нарадзе кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ у Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Радзькоў перакананы, што многім рэспубліканскім газетам, напрыклад, "Народнай газеце", "Звяздзе", "Рэспубліцы", трэба больш актыўна шукаць уласную нішу на рынку друкаваных СМІ і заваёўваць аўдыторыю. На яго думку, некаторыя друкаваныя выданні Беларусі замыкаюцца ў сабе і пішуць, не нацэльваючыся на канкрэтных чытачоў. Аляксандр Радзькоў зноў вярнуўся да пытання аб залішняй колькасці ведамасных выданняў, якое падняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас звароту з Пасланнем да беларускага народа і парламента. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі таксама перакананы, што іх колькасць трэба скараціць.
Звяртаючыся да кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ, Аляксандр Радзькоў закрануў некаторыя аспекты прафесійнай дзейнасці журналістаў. Напрыклад, ён пацікавіўся, у чыім падпарадкаванні, на думку кіраўнікоў СМІ, павінны знаходзіцца раённыя газеты і ці павінны яны падпарадкоўвацца старшыні выканкама. "Калі так, то нібыта яны будуць не цікавыя чытачам, таму што старшыня не дапусціць у газеце ніякай крытыкі ў свой адрас. Калі не, то давядзецца кожны дзень прыязджаць рэспубліканскім чыноўнікам і мірыць рэдактара са старшынёй", - сказаў Аляксандр Радзькоў, прапанаваўшы кіраўнікам СМІ і журналістам разам знайсці адказ на пытанне аб падпарадкаванні раённых газет. На яго думку, у раённых газетах таксама варта публікаваць больш інфармацыі з цэнтральнай рэспубліканскай прэсы.
"Вы мазгавы цэнтр. Як вы думаеце - думае ўся краіна", - падкрэсліў Аляксандр Радзькоў і заклікаў удзельнікаў семінара і ўсіх прадстаўнікоў масмедыя Беларусі больш адказна і прафесійна ставіцца да сваёй працы.-0-
БЕЛТА
Цэнтральным СМІ Беларусі трэба больш актыўна шукаць уласную нішу на рынку СМІ - А.Радзькоў
29.4.20110 праглядаў