Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла 17 ліпеня прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў ЦВК.

Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла 17 ліпеня прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў ЦВК.

У ЦВК 17 ліпеня былі пададзены дакументы на стварэнне груп па вылучэнні Тамары Біруковай, Віктара Церашчанкі, Мікалая Улаховіча і Аляксандра Юдаева. Таксама на пасяджэнні ЦВК была разгледжана частка раней пададзеных заявак. Ужо зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.

Пакуль яшчэ не разгледжаны заяўкі на стварэнне груп у падтрымку Сяргея Заблоцкага, Ірыны Першынай, Жанны Раманоўскай, Мікалая Статкевіча, Андрэя Конаўца, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лебедзькі. Паводле заканадаўства ЦВК павінен прымаць такія рашэнні на працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў па стварэнні ініцыятыўнай групы. Плануецца, што пытанне аб рэгістрацыі або нерэгістрацыі гэтых груп будзе вырашацца 20 ліпеня.

ЦВК адмаўляе ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, калі парушаны палажэнні Выбарчага кодэкса. Права абскарджвання адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы належыць таму, хто прэтэндуе стаць кандыдатам. Гэтая скарга падаецца ў Вярхоўны суд у трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адмове.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў групы могуць пачаць з 23 ліпеня і працягнуць па 21 жніўня ўключна. Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.