14 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Цэнтрам маладзёжнай ініцыятывы і творчасці стане сёння віцебскі фестываль: на "Славянскім базары" пройдзе Дзень моладзі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі форуму.
Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам Дня моладзі выступіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, а гісторыя гэтага свята на "Славянскім базары ў Віцебску" вядзе адлік з 2004 года. Нягучны старт маладзёжным мерапрыемствам дала яшчэ ўчора вялікая дыскатэка на плошчы Перамогі з удзелам маладзёжных зорак DJ Alex Gaudino (Італія), DJ M.E.G, DJ Nejtrino (Расія). Афіцыйны ж пачатак маладзёжным мерапрыемствам пакладзе прэс-канферэнцыя ў Міжнародным прэс-цэнтры з удзелам 1-га сакратара ЦК БРСМ Ігара Бузоўскага, які раскажа, што новага прыўнесла арганізацыя ў праграму Дня моладзі і якія традыцыі захаваліся.
Прысутнасць моладзі, запал сёння будзе адчувальны на фестывалі асабліва моцна, бо актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах дня сабралася творчая моладзь з усіх рэгіёнаў краіны. Так, на плошчы Перамогі можна будзе атрымаць майстар-клас ад мастакоў графiцi i боды-арта, выканаўцаў бiтбокса, танцораў брэйк-данса, локiнга, tecktonik, хауса, джаз-франка, i iнш. маладзёжных напрамкаў. Галавакружныя трукі і віртуозную тэхніку выканання прадэманструюць аматараў экстрэмальных відаў спорту: велатрыалісты і ролеры, скейтбардысты і трэйсеры. Кожны жадаючы зможа наведаць выставу матацыклаў, арганізаваную грамадскім аб'яднаннем "Матаклуб "Псы дарог" (Віцебск), а самыя адважныя - "асядлаць жалезных коней" і не толькі сфатаграфавацца на памяць, але і пракаціцца па фестывальным горадзе.
Неардынарны падарунак для юнакоў і дзяўчат падрыхтаваў Алег Ежоў, гуру гіравога спорту і падарожжаў. У межах Дня моладзі тытулаваны спартсмен плануе ўсталяваць новы сусветны рэкорд у намінацыі "Жым лежачы дзвюх гір па 22 кг па чарзе на працягу 1 хвіліны". Каб зафіксаваць гэты неверагодны рэкорд, у фестывальны Віцебск чакаецца спартыўны камісар, прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінеса (Лондан) Джэк Брокбэнк.
Доўгачаканай падзеяй Дня моладзі, які, несумненна, адкрые новыя імёны ў свеце танца, стане II Міжнародны моладзевы фестываль "Агонь танца-2012". Ён закруціць у віхуры стрыт-шоу, лаціны, шоу-праграмы і брэйк-данса лепшыя танцавальныя калектывы Беларусі, Расіі, Літвы, Ізраіля. Акрамя таго, упершыню на Дне моладзі пройдзе моладзевы фэст "Скарынка талентаў" з удзелам гуртоў «Дразды», Napoli, «Гарадская туга», «Кошка», FM 53,27, Rip Legion, танцавальных калектываў.
Кульмінацыяй моладзевага свята стане гала-канцэрт з удзелам пераможцаў "Агню танца", непасрэдных і абаяльных удзельнікаў дзіцячай студыі "Кляксы", гурта "Бай-Сіці" і іншых творчых калектываў і зорных удзельнікаў. Завершыць Дзень моладзі "вечарынка ў стылі рок" ад DJ Mikis’а - дыджэя радыёстанцыі "Пілот-FM".-0-
БЕЛТА