3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтры культуры Беларусі будуць адкрывацца за мяжой. Гэта прадугледжана планам мерапрыемстваў па рэалізацыі ініцыятыў, прапанаваных удзельнікамі V З'езда беларусаў свету, які прайшоў у Мінску летась, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі. Такія цэнтры, у тым ліку грамадскія бібліятэкі беларускай літаратуры, могуць быць створаны ў розных краінах свету. У найбліжэйшых планах прапрацоўка магчымасці стварэння культурных цэнтраў Беларусі ў Расіі, Літве і іншых дзяржавах. На працягу 2011 года плануецца падрыхтаваць тэкставыя і фотаматэрыялы, вызначыць тыраж шляхам збору заявак і выпусціць навукова-папулярную кнігу аб гісторыі і культуры Беларусі. Адрасатам гэтага выдання стануць грамадскія аб'яднанні беларусаў замежжа, бібліятэкі ў месцах кампактнага пражывання этнічных беларусаў. План мерапрыемстваў прадугледжвае пастаянную дапамогу беларускім аб'яднанням, створаным за мяжой, у правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з дзяржаўнымі святамі і памятнымі датамі Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне іх дзяржаўнай сімволікай, інфармацыйнымі матэрыяламі. У такіх мерапрыемствах будуць прымаць удзел творчыя калектывы, дзеячы культуры і прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Акрамя таго, творчыя калектывы беларускага замежжа не застануцца без увагі ў пытаннях забеспячэння нацыянальнымі сцэнічнымі касцюмамі, метадычнымі дапаможнікамі, аўдыё- і відэаматэрыяламі аб нацыянальных святах. Яны будуць таксама жаданымі ўдзельнікамі ў фестывалях, святах і выставах, якія праводзяцца на радзіме. Па запрашэннях беларускіх аб'яднанняў замежжа выкладчыкі з Беларусі будуць праводзіць майстар-класы ігры на нацыянальных музычных інструментах, а кіраўнікі мастацкіх калектываў і выканаўцы – прадстаўнікі беларускага замежжа – змогуць стажыравацца, удзельнічаць у семінарах у Беларусі. Такой пастаяннай базай па павышэнні кваліфікацыі для кіраўнікоў мастацкіх калектываў, народных майстроў стане Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. На пастаяннай аснове плануецца правядзенне грантавай палітыкі падтрымкі праграм захавання і развіцця нацыянальнай культуры беларускай меншасцю ў іншых краінах. Будуць аб'яўляцца конкурсы на лепшыя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё беларускай культуры замежжа сярод навукоўцаў, мастацкіх калектываў, майстроў традыцыйнай культуры і г.д.