10 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзяржава кантралюе і пастаянна адсочвае сітуацыю з цэнамі на найважнейшыя сацыяльна значныя тавары. Пра гэта заявіў міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў сёння падчас прыёму грамадзян у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Нельга сказаць, што цэны на гэтыя тавары не будуць расці, але яны будуць уздымацца значна павольней і пад кантролем дзяржавы", - адзначыў міністр, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе менавіта аб сацыяльна значных таварах. Што тычыцца іншых відаў тавараў, то ў Беларусі дзейнічае свабоднае цэнаўтварэнне. Між тым сёння рост цэн на харчаванне з'яўляецца агульнасусветнай тэндэнцыяй. "Калі ў суседніх краінах цана, напрыклад, на цукар вышэйшая, чым у Беларусі, то пачынаецца вываз тавару, што ў сваю чаргу прымушае нас прымаць рашэнне аб павышэнні цэн", - растлумачыў Валянцін Чаканаў. Тое ж самае можна сказаць пра грэчку, павелічэнне цаны на якую хвалявала жыхарку Віцебска, якая патэлефанавала на прамую лінію. Кіраўнік Мінгандлю растлумачыў, што беларуская грэчка забяспечвае патрэбы рэспублікі ў гэтым відзе крупы на 30%, астатняе імпартуецца, а ў асноўных краінах яе вырошчвання (Расія, Украіна) з-за ўмоў надвор'я быў недабор, і там вымушаны прымаць меры па абароне свайго рынку. "На жаль, калі мы бачым у суседніх краінах павышэнне цаны на які-небудзь від тавару, то для прадухілення яго некантралюемага вывазу з нашага рынку вымушаны таксама павышаць цану, але ў той жа час па ўзроўні цэн мы не даганяем ні Расію, ні Украіну, ні краіны Прыбалтыкі", - адзначыў Валянцін Чаканаў. Ён таксама дадаў, што насычэнне таварамі гандлёвых сетак ва ўсіх рэгіёнах краіны знаходзіцца на пастаянным кантролі Мінгандлю.-0-

БЕЛТА