3 лютага, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2012", якая пройдзе 7 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы, дасць старт Году кнігі ў Беларусі. Пра гэта сёння паведаміла журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На 13 намінацый конкурсу прэтэндавалі 190 кніг, выдадзеных 40 выдавецтвамі. "Гэта лепшыя кнігі, якія будуць экспанавацца як на нацыянальных, так і на міжнародных кніжных выстаўках", - падкрэсліла Лілія Ананіч. На прэс-канферэнцыі адбылася прэзентацыя эмблемы Года кнігі. Яна ўяўляе сабой раскрытую кнігу, у афармленні якой выкарыстаны элементы беларускай дзяржаўнай сімволікі. Першы намеснік міністра выказала ўпэўненасць, што гэтая эмблема будзе распаўсюджвацца не толькі ў друкаванай прадукцыі і СМІ. "Разлічваем, што яна ўпрыгожыць нашы гарады, з'явіцца сацыяльная рэклама, прысвечаная Году кнігі", - адзначыла Лілія Ананіч. У Год кнігі ў Беларусі запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне нацыянальнага кнігавыдання, прапаганду чытання. "Разам з тым за час, што існуе суверэнная Беларусь, дзяржава шмат зрабіла для падтрымкі айчынных кнігавыдаўцоў. Гэта дазволіла нам утрымаць высокі статус адной з самых чытаючых краін у свеце", - падкрэсліла першы намеснік міністра.-0-

БЕЛТА