27 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На Віцебшчыне 82,6% насельніцтва ахоплена лічбавым тэлевізійным вяшчаннем стандарту DVB-T, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр" (БРТПЦ).
Цяпер на тэрыторыі Віцебскай вобласці вяшчаюць 11 лічбавых перадатчыкаў, якія ўстаноўлены ў Віцебску, Ліёзна, Сянне, Шаркаўшчыне, а таксама населеных пунктах у Браслаўскім, Гарадоцкім, Талачынскім, Аршанскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Ушацкім раёнах. Гэтыя перадатчыкі забяспечваюць вяшчанне агульнадаступнага пакета з васьмі тэлевізійных і адной радыёпраграмы.
У адпаведнасці з Праграмай унядрэння наземнага лічбавага тэлевізійнага вяшчання стандарту DVB-T Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады ў рэгіёне павінна быць уведзена ў эксплуатацыю 11 аўтаматызаваных радыётэлевізійных перадаючых станцый (РТПС), на якіх будуць устаноўлены лічбавыя перадатчыкі. У цэлым па вобласці будуць устаноўлены 22 лічбавыя перадатчыкі, дзякуючы якім 99,9% насельніцтва вобласці змогуць глядзець тэлебачанне ў лічбавым фармаце.
Згодна з дзяржаўнай праграмай унядрэння лічбавага тэлевізійнага вяшчання да 2015 года і планам мерапрыемстваў па паскораным унядрэнні лічбавага тэлевізійнага вяшчання ў Беларусі ажыццяўляецца пераход на лічбавае эфірнае тэлевізійнае вяшчанне і ўводзіцца абмежаванне на час суіснавання аналагавага і лічбавага тэлебачання. Гэты час вызначаны як пераходны перыяд, які заканчваецца ў 2015 годзе. Выключэнне аналагавага сігналу ў 2015 годзе запланавана таксама Расіяй.
На лічбавае тэлебачанне перайшлі большасць еўрапейскіх краін, уключаючы Аўстрыю, Бельгію, Эстонію і Нарвегію. У бліжэйшы час адмовяцца ад аналагавага тэлебачання Францыя, Кіпр, Чэхія, Мальта і Ісландыя. У Беларусі ахоп насельніцтва лічбавым тэлевізійным сігналам стандарту DVB-T складае 94,5%. Для арганізацыі прыёму тэлебачання ў лічбавым фармаце неабходна набыць у гандлёвай сетцы лічбавую прыстаўку стандарту DVB-T, якая падтрымлівае фармат сціску MPEG-4/AVC (напрыклад, вытворчасці ААТ "Віцязь", ААТ "Гарызонт"), альбо лічбавы тэлевізар, які падтрымлівае фармат сціску MPEG-4/AVC.-0-
БЕЛТА
Лічбавае тэлевізійнае вяшчанне стандарту DVB-T даступна больш чым 80% насельніцтва Віцебскай вобласці
27.12.20110 праглядаў