Т.Стружэцкі: IFMC стаў платформай для развіцця сучаснай харэаграфіі
21.11.20120 праглядаў
21 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) у Віцебску - гэта платформа для развіцця пластычнага віду мастацтва, сказаў сёння на ўрачыстым канцэрце адкрыцця гэтага форуму намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стражэцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Фестываль з'яўляецца значнай культурнай падзеяй Беларусі. Ён стаў стартавай пляцоўкай для адкрыцця новых імёнаў і платформай для развіцця сучаснага харэаграфічнага мастацтва", - адзначыў намеснік міністра. Запатрабаванасць фестывалю ў гледачоў і артыстаў з'яўляюцца залогам таго, што фестываль будзе працягвацца. Тадэуш Стражэцкі падзякаваў заснавальнікам і арганізатарам фестывалю за высокі ўзровень яго падрыхтоўкі.
Яркая праграма і статуснасць дазволілі IFMC сёлета выйсці за межы Віцебска: вечары сучаснай харэаграфіі будуць прадстаўлены ў Мінску (22 лістапада ў канцэртнай зале "Мінск" і 28 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета), Маладзечне (22 лістапада), Бабруйску (23 лістапада), Гродне (26 лістапада). У Віцебску праграма фестывалю запланавана на 21-25 лістапада. Пляцоўкамі яго мерапрыемстваў стануць канцэртная зала "Віцебск" і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Галоўная падзея фестывалю - міжнародны конкурс сучаснай харэаграфіі. Традыцыйна ён праводзіцца па дзвюх намінацыях - "Аднаактавы балет" і "Харэаграфічная мініяцюра" - у два туры, пры гэтым фінальны - публічна. Па выніках папярэдняга адборачнага відэатура будзе прадстаўлена 45 твораў з 92 заяўленых. Да ўдзелу ў конкурсе запрошаны калектывы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Эстоніі, Японіі, а таксама шэраг міжнародных праектаў.
Ацэньваць выступленні ўдзельнікаў будзе прадстаўнічае журы пад старшынствам народнага артыста СССР найвядомага харэографа Уладзіміра Васільева. У склад журы ўвайшлі таксама шырока вядомыя ў свеце сучаснага танца персоны Сьюзан Лінк (Германія), Эліс Дор Коэн (Ізраіль), Пол Джонсан (Ірландыя), Вендзі Перон (ЗША), Раду Паклітару (Украіна).
Звяртаючыся да конкурсантаў і гледачоў, Уладзімір Васільеў адзначыў, што шмат добрага чуў пра гэты фестываль і з задавальненнем прыняў запрашэнне ўзначаліць журы конкурсу.
Фестываль застаецца верным сваёй галоўнай мэце – інтэграваць творчы патэнцыял Беларусі ў галіне сучаснай харэаграфіі ў сусветную культурную прастору, працягваючы стымуляваць развіццё міжнародных сувязяў у галіне мастацтва. Тысячы артыстаў з больш чым 40 краін выступілі на віцебскай сцэне за 25 гадоў гісторыі фестывалю, які ўсе гэтыя гады спрыяў умацаванню іміджу Беларусі як сучаснай дзяржавы з высокамастацкімі традыцыямі і культурнымі каштоўнасцямі новага стагоддзя.
Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Арганізатарам выступае Цэнтр культуры "Віцебск".-0-
БЕЛТА