6 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску кветкавыя крамы дзяржаўнага прадпрыемства "Зелянхоз" будуць працаваць 7-8 сакавіка па падоўжаным рэжыме, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Ірына Алфёранак. У гэтыя дні набыць кветкі для сваіх любімых мужчыны змогуць ужо з 8 гадзін раніцы і ажно да 10 вечара. Беласнежныя калы, далікатныя фрэзіі, ружы разнастайнай каляровай гамы, цюльпаны, хрызантэмы і іншыя кветкі не пакінуць жанчын абыякавымі. "Асартымент кветак будзе папаўняцца па меры неабходнасці. Спецыяльна да свята "Зелянхоз" плануе паставіць у гандлёвую сетку каля 6 тыс. цюльпанаў, 7 тыс. фрэзій, 20 тыс. ружаў, 4 тыс. хрызантэм, што ў некалькі разоў больш у параўнанні са звычайнымі днямі", - адзначыла Ірына Алфёранак, дадаўшы, што ў не святочныя дні штотыднёвы продаж ружаў, напрыклад, складае 3-3,5 тыс. кветак. Дзяржаўнае прадпрыемства "Зелянхоз" утворана 2 студзеня гэтага года шляхам аб'яднання дзяржпрадпрыемства "Віцебскі зелянбуд" і КУСГП "Вясна". За студзень вырашчана больш за 29 тыс. кветак на Br178,9 млн. Аб'ём вытворчасці за гэты перыяд вырас у 2,6 раза да Br1,6 млрд. Прадукцыйнасць працы склала 104,6%, паказчык па энергазберажэнні - мінус 21,2% пры заданні мінус 8%. Уласная гандлёвая сетка ўключае восем крамаў. Сярэднеспісачная колькасць працаўнікоў - 355 чалавек. Як адзначылі ў аддзеле гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама, прыватныя прадпрыемствы Віцебска, якія спецыялізуюцца на гандлі кветкамі, падоўжаны рэжым працы на час святаў з гарвыканкамам не ўзгаднялі. -0-

БЕЛТА