9 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Лепшага наймадаўцу ўпершыню назвалі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА з урачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў гарадской прэміі. Больш за 30 прадпрыемстваў Віцебска прыватнай і дзяржаўнай формы ўласнасці прынялі ўдзел у конкурсе, які заснавалі Віцебскі гарвыканкам, грамадскае аб'яднанне "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" Віцебскай вобласці і адзін з гарадскіх інтэрнэт-рэсурсаў аб працы. Як адзначыла на цырымоніі ўзнагароджання намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Зінаіда Каралёва, гарадская прэмія заклікана садзейнічаць развіццю цывілізаваных працоўных адносін, палепшыць імідж наймадаўцаў абласнога цэнтра, спрыяць павышэнню сацыяльнай адказнасці бізнесу. Паводле яе слоў, прэмія будзе ўручацца штогод. Да прэтэндэнтаў на званне лепшага наймадаўцу прад'яўляліся жорсткія ўмовы: удзельнікамі конкурсу маглі стаць толькі тыя арганізацыі, у якіх на працягу года не было выпадкаў вытворчага траўматызму, адсутнічала запазычанасць па выплаце заработнай платы, плацяжах у бюджэт і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Крытэрыямі ацэнкі таксама былі ўзровень заработнай платы, паказчыкі плыннасці кадраў, затраты на прафесійную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, наяўнасць і разнастайнасць сацыяльнага пакета. Дадатковыя балы наймадаўца зарабляў за актыўную рэкламную кампанію і нават за арганізацыю вольнага часу сваіх работнікаў. У чатырох намінацыях, якія вызначаліся ў залежнасці ад колькасці работнікаў, пераможцамі названы турфірма "Ілва", прыватныя прадпрыемствы "Вітбудтэхмаш", "Вік-здароўе жывёл" і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне". Лаўрэатамі конкурсу - уладальнікамі другіх і трэціх месцаў сталі сем прадпрыемстваў горада. Пераможцы і лаўрэаты ўдастоены памятных знакаў і дыпломаў. Яны таксама атрымалі права размяшчаць знак адрознення "Лепшы наймадаўца Віцебска 2012" на сваіх карпаратыўных сайтах, рэкламных і інфармацыйных матэрыялах. Паводле даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама ў абласным цэнтры на 1 беспрацоўнага, які стаіць на ўліку ў службе занятасці, прыпадае прыкладна дзве вакансіі, каля 80% з якіх - рабочыя спецыяльнасці. Гарадскія прадпрыемствы адчуваюць востры дэфіцыт швачак, рабочых усіх будаўнічых спецыяльнасцей, кухараў, прадаўцоў.-0-

БЕЛТА