9 студзеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Турыстычная інфраструктура Віцебскай вобласці ў Год гасціннасці папоўніцца 22 новымі аб'ектамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.
У адпаведнасці з падпраграмай "Пяцьсот" Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці ў бягучым годзе плануецца ўвесці ў строй 11 паляўнічых домікаў і столькі ж аграсядзіб. Акрамя гэтага, будзе пабудавана не менш за пяць новых аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і добраўпарадкавана 25 зон адпачынку на рэках і азёрах.
Работы па будаўніцтве аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і добраўпарадкаванні зон адпачынку ў вобласці вядуцца найбольш актыўна – з даведзеным заданнем ужо цалкам справіліся 10 раёнаў і 9 гарадоў. Браслаўскі, Чашніцкі і Шаркаўшчынскі раёны на 100% выканалі план па паляўнічых доміках.
"Напаўненне створанай турыстычнай інфраструктуры якаснымі паслугамі з мясцовым каларытам стане адным з асноўных акцэнтаў Года гасціннасці на Віцебшчыне", - падкрэслілі ва ўпраўленні.
Падпраграма "Пяцьсот" прадугледжвае стварэнне развітой інфраструктуры турызму. За перыяд з 2011-га па 2016 год у рэгіёне павінна дадаткова з'явіцца 100 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, 100 - паляўнічых домікаў, 100 - аграсядзіб і 200 зон адпачынку на рэках і азёрах.
У Віцебскай вобласці за 2011-2013 гады ўведзена ў строй 89 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, 66 - паляўнічых домікаў, 183 - аграсядзібы, добраўпарадкавана 172 зоны адпачынку на вадаёмах.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)