7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турыстычныя маршруты па Беларусі сабралі ў рэестр. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Вячаслаў Чарноў.
Цяпер карыстальнікам даступная інфармацыя амаль аб 100 экскурсійных маршрутах па ўсіх рэгіёнах краіны. Турысты могуць азнаёміцца з кароткім апісаннем маршруту, даведацца, колькі часу зойме падарожжа і якая турыстычная інфраструктура размешчана на шляху следавання групы. Дадаткова пазначаны іншыя характарыстыкі маршруту: яго працягласць, тып, клас, від і статус. "Ёсць магчымасць дапоўніць дадзеныя экскурсіі аб'ектамі, якія знаходзяцца недалёка ад маршрутаў, што ў перспектыве і будзе зроблена", - адзначыў Вячаслаў Чарноў.
Пры стварэнні рэестра выкарыстоўваліся дадзеныя Дзяржаўнага кадастра турыстычных рэсурсаў Беларусі. Разам з тым спіс працягвае папаўняцца новымі экскурсіямі. Прадстаўнікі турыстычнага бізнесу могуць прапанаваць свае распрацоўкі, якія будуць уключаны ў рэестр.
Электронны рэестр экскурсійных маршрутаў у цяперашні час даступны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. "Рэестр маршрутаў і экскурсій пакуль прадстаўлены толькі ва ўсечаным выглядзе. Некаторая інфармацыя, размешчаная ў Дзяржаўным кадастры турыстычных рэсурсаў Беларусі, напрыклад вучэбна-метадычная дакументацыя, тэкст экскурсіі, тэхналагічная карта маршрутаў, яшчэ недаступная", - адзначыў Вячаслаў Чарноў.
Таксама на сайце Нацагенцтва па турызме можна скарыстацца інтэрактыўнай турыстычнай картай Беларусі, дзе адзначаны прыродаахоўныя аб'екты і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Акрамя таго, карта дапаможа арыентавацца ў сацыяльна-культурных аб'ектах на тэрыторыі краіны: з яе дапамогай турысты могуць даведацца аб бліжэйшых гасцініцах, аб'ектах харчавання, офісах арэнды аўтамабіляў, аб'ектах сувязі (інтэрнэт-кафэ, кропкі Wi-Fi), медыцынскіх, спартыўных, ігральных і многіх іншых установах.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)