23 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Турыстычны патэнцыял Полацка будзе прадстаўлены на міжнародным вясновым кірмашы ў Фрыдрыхсхафене (Германія), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Варвара Платонава. Выстава-кірмаш пройдзе на беразе Бодэнскага возера з 21 па 25 сакавіка. Яе тэматыка разнастайная - ад аўтамабіляў і прадуктаў харчавання да адпачынку і падарожжаў. Па словах Варвары Платонавай, старажытны беларускі горад прэзентуе шырокай еўрапейскай публіцы свае турыстычныя магчымасці. Прычым апавяданнем аб мясцовых славутасцях экспазіцыя не абмяжуецца, яе наведвальнікі пазнаёмяцца з магчымасцямі адпачынку ў аграсядзібах, паляўнічага турызму. Полачане маюць намер скарыстацца выставай як пляцоўкай для знаёмства з новымі прадпрыемствамі, наладжвання новых кантактаў, рэкламы, пошуку кліентаў. Удзел у выставе-кірмашы Полацкага гарвыканкама стаў магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы ўладаў Фрыдрыхсхафена - пабраціма старажытнага беларускага горада, якія прадаставілі значную зніжку, а таксама дзелавых колаў Полацка, якія таксама аказалі матэрыяльную падтрымку. Па ацэнцы экспертаў, Германія ўяўляе сабой адну з самых перспектыўных краін у Еўропе для прадстаўлення і прасоўвання свайго бізнесу. Вялікія выставачныя плошчы і найбуйнейшыя выставачныя цэнтры - усё гэта робіць Германію лідарам па колькасці падобных мерапрыемстваў, што праходзяць тут. У Германіі больш за 20 пляцовак, на якіх праводзіцца звыш 150 міжнародных гандлёвых выстаў і кірмашоў, - гэта каля двух трацін усіх мерапрыемстваў такога маштабу ў свеце. Штогод выставы і кірмашы ў Германіі наведваюць каля 1 млн. чалавек.-0-

БЕЛТА