18 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Спартыўныя турніры па грэка-рымскай і вольнай барацьбе збяруць у Віцебску спартсменаў з усёй Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Адкрыты рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Л.М.Даватара, адкрыецца на базе Цэнтральнага спартыўнага комплексу "Дынама" 19 красавіка. Удзельнікі, а гэта больш за 100 дарослых спартсменаў з усёй Беларусі і каманда гасцей з Санкт-Пецярбурга, пазмагаюцца за камплекты ўзнагарод у сямі вагавых катэгорыях. Пераможцы і прызёры, якія вызначацца ў гэты ж дзень, будуць узнагароджаны памятнымі прызамі і медалямі. Акрамя таго, беларускім барцам, якія занялі прызавыя месцы, прысвояць званне майстроў спорту Рэспублікі Беларусь. Гэтая ж спартыўная пляцоўка 20-21 красавіка прыме адкрыты рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе, прысвечаны памяці заслужанага трэнера БССР Валерыя Зубкова. Сярод удзельнікаў - каля 120 спартсменаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы і Латвіі. Мужчыны пазмагаюцца за ўзнагароды ў васьмі вагавых катэгорыях, жанчыны - у сямі. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 21 красавіка. Арганізатары спартыўных мерапрыемстваў - Віцебская абласная школа вышэйшага спартыўнага майстэрства, абласная федэрацыя барацьбы, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА