Попыт і прапанова на сельскагаспадарчую прадукцыю ў асноўным стабілізаваліся. Гараджане ў асноўным набылі бульбу на зіму, зрабілі іншыя неабходныя запасы. Бульбу прапаноўвалі больш як у пяці кропках.
Попыт і прапанова на сельскагаспадарчую прадукцыю ў асноўным стабілізаваліся. Гараджане ў асноўным набылі бульбу на зіму, зрабілі іншыя неабходныя запасы. Бульбу прапаноўвалі больш як у пяці кропках. Гэта няшмат, улічваючы, што літаральна месяц таму тавар прапаноўвалі да дваццаці прадаўцоў. Максімальная цана – 30 тысяч за дзесяцілітровае вядро.
Цяперашняя пара – самы сезон для квашання капусты. Яе рэгулярна прадаюць пяцёра пастаянных прадаўцоў. Дарэчы, кошт на гэту гародніну знізіўся на 500 рублёў, зараз складае 3500 рублёў за кілаграм. Пакупнікі ў нядзелю набывалі яе мяхамі. Найбольш прадпрымальныя прадаўцы нават прапаноўвалі паслугу па прывозе пакупкі дадому пры ўмове, што яна будзе налічваць два і больш мяхоў.
Цана на моркву вагалася ад пяці да шасці тысяч рублёў за кілаграм. Найбольш жа прадпрымальныя прадаўцы прапаноўвалі гатовую квашаную капусту па 20 тысяч за кіло.
Працягваючы тэму каранёў, укажам, што было дастаткова буракоў чырвоных, а таксама рэдзькі. Цана – пяць-шэсць тысяч за кіло. Аднак на апошнія два тавары пакупнікоў знаходзілася не так і шмат.
Вельмі шмат сталі прывозіць на базар нашых лепельскіх яблыкаў, сады сёлета далі багаты ўраджай. Садавіну прапаноўвалі па цане ад васьмі да дванаццаці тысяч за кілаграм, бывала і больш.
Неблагім попытам карысталася ў апошні базарны дзень збожжа. Прычым, і цана на яго зраўнялася – па 25 тысяч рублёў прадавалі і вядро пшаніцы, і вядро ячменю.
Прапаноўваліся нядаўна грыбы па 20 тысяч за трохлітровае вядзерца. Неблагі варыянт для тых, хто любіць паласавацца грыбным супам, але не жадае хадзіць у лес. Там жа прадавалі і журавіны па 20 тысяч за літр.
Мясны павільён сустрэў ажыўленнем і некаторым зніжэннем цэн. Прадаўцоў свініны было вельмі шмат, амаль усе прылаўкі былі занятыя. Цэны на яе знізіліся ў сярэднім на пяць тысяч рублёў. Так, паляндвіцу і шыю прадавалі па 65 тысяч рублёў за кілаграм. Кумпяк жа прапаноўвалі па 55 тысяч, лапатку – па 50, паджарку – па 45, рулькі – па 20, столькі ж каштавалі косці.