У органах дзяржаўнай статыстыкі працуюць пераважна жанчыны, яны складаюць 93%. Такая інфармацыя змяшчаецца ў аглядзе, прымеркаваным да Дня работнікаў дзяржаўнай статыстыкі (23 жніўня) і апублікаваным на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, паведамляе БЕЛТА.
"Статыстыка - вельмі карпатлівая і скрупулёзная, складаная праца, якой займаюцца ў асноўным жанчыны. Яны складаюць у нашай структуры 93%. Часам, асабліва ў раёнах, гэтая праца патрабуе пастаяннага кантакту з рэспандэнтамі, якіх трэба пераканаць, што падаваць інфармацыю неабходна так, а не інакш. Напэўна, знайсці падыход да людзей прасцей жанчынам", - адзначыла кіраўніца Белстата Інна Мядзведзева.
Сярэдні ўзрост работнікаў - 41 год. Самаму маладому - 21. "Тыя, хто прыходзіць пасля студэнцкай лавы, адпрацаваўшы 2 гады, не сыходзяць, застаюцца назаўжды. Таму сярэдні стаж у нас - 14 гадоў. Самы вопытны работнік працуе ў галоўным статыстычным упраўленні Брэсцкай вобласці - яго стаж 42 гады", - дадала Інна Мядзведзева.
Вышэйшую адукацыю маюць 91%, на курсах павышэння кваліфікацыі навучаліся 27%. Кадры па спецыяльнасці "статыстыка" рыхтуе Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Штогод калектыў папаўняецца ў сярэднім на 20 чалавек.
У шлюбе знаходзяцца 66% работнікаў, 76% маюць 1-2 дзяцей, 4% - тры і больш.
Без статыстыкі немагчыма ўявіць развіццё ніводнай сферы дзейнасці. Адна з асноўных задач - забяспечыць усіх зацікаўленых карыстальнікаў актуальнай і аб'ектыўнай афіцыйнай статыстычнай інфармацыяй. Штогод органамі дзяржстатыстыкі выпускаецца каля 40 гадавых зборнікаў па розных галінах статыстыкі, больш за 9000 бюлетэняў і экспрэс-інфармацый; публікуюцца тысячы матэрыялаў на афіцыйных сайтах і накіроўваюцца актуальныя матэрыялы для СМІ; даецца больш за 1800 адказаў і тлумачэнняў на індывідуальныя запыты карыстальнікаў і г.д.
Белстат укараняе новыя спосабы распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. Яшчэ 5 гадоў таму ў органах дзяржаўнай статыстыкі функцыянавала адзіная база даных - BelarusInfo. Сёння карыстальнікам даступныя 6 тэматычных баз даных, якія дазваляюць самастойна фарміраваць запыт, аператыўна здабываць патрэбную інфармацыю, выбіраць спосаб яе прадстаўлення (табліца, графік, картаграма), а таксама параўноўваць паказчыкі, якія характарызуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі.