22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У праваахоўных органаў з'явіўся падазраваны ў жорсткім абыходжанні з бакланамі на возеры Лукомскім у Чашніцкім раёне, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА начальнік Чашніцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Чарноусаў.
Падазраваны не мае дачынення да рыбгаса і скалечыў птушак з асабістай непрыязнасці: яны заміналі яму лавіць рыбу. Пакуль падлічваецца нанесеная грамадзянінам шкода, рана казаць, да якога віду адказнасці ён можа быць прыцягнуты - да адміністрацыйнай ці крымінальнай, дадаў суразмоўца.
У цяперашні час на падставе рашэння раённай камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, якія трапілі ў бядотнае становішча, раённая інспекцыя сумесна з супрацоўнікамі МНС, членамі БТАР адлоўліваюць скалечаных бакланаў, прысыпляюць іх і ўтылізуюць. "Гэта адзіны спосаб не даць птушкам памерці потым галаднай смерцю", - падкрэсліў Юрый Чарноусаў. З 20 чэрвеня эўтаназіі падвергліся 15 птушак. Сёння на востраве і вакол яго таксама праводзіцца работа па адлове няшчасных птушак. Як лічыць Юрый Чарноусаў, ад рук варвара пацярпелі некалькі дзясяткаў бакланаў, але ніяк не сотняў.
Як паведамлялася раней, на востраве на возеры Лукомскае ў Чашніцкім раёне арнітолагамі былі выяўленыя дзясяткі птушанят бакланаў з адрэзанымі надклюўямі. Па гэтым факце Чашніцкі РАУС праводзіў праверку.
Выпадак з жорсткім абыходжаннем з птушанятамі бакланаў знаходзіцца пад кантролем Мінпрыроды. Баклан уваходзіць у пералік дзікіх жывёл непажаданых відаў. Гэта азначае, што паляўнічым дазволена іх здабыча. "Аднак тое, што баклан вялікі з'яўляецца непажаданым відам, абсалютна не апраўдвае паводзіны тых людзей, якія жахлівым чынам абышліся з птушкамі, - лічаць у Мінпрыроды. - Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель ці калецтва, а роўна здзекі над жывёламі - цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт".-0-
БЕЛТА
У праваахоўных органаў з'явіўся падазраваны ў жорсткім абыходжанні з бакланамі
22.6.20120 праглядаў