10 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кветкавая праграма XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" складзена, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю.
Ніводны "Славянскі базар" не абыходзіцца без цудоўных букетаў. Іх дараць у знак падзякі артыстам, уручаюць афіцыйным асобам і пераможцам конкурсаў выканаўцаў, імі ўпрыгожваюць артыстычныя грымёрныя. Для таго каб кожны букет знайшоў свайго гаспадара і прыйшоўся яму даспадобы, складаецца праграма кветкавага суправаджэння. Менавіта ў ёй запісана каму, дзе, калі і які букет павінен быць уручаны. Напрыклад, праграмай суправаджэння агаворваецца: гэта павінен быць мужчынскі ці жаночы букет, афіцыйны ці фантазійны. Калі заказваецца кветкавая кампазіцыя, то апісваецца яе памер, форма і колер. Для сёлетняга фестывалю рыхтуецца каля сотні кветкавых кампазіцый, букетаў і кошыкаў.
Другі год запар партнёрам фестывалю з'яўляецца камунальнае прадпрыемства "Віцебскі зяленбуд", якое нароўні з азеляненнем абласнога цэнтра займаецца вырошчваннем і рэалізацыяй кветак. Выраб букетаў даручаецца дыпламаваным флорыстам, якія маюць міжнародныя сертыфікаты. Для афармлення будзе выкарыстана некалькі тысяч руж, лілей, хрызантэм, альстрамерый і іншых кветак. Напрыклад, толькі на выраб кветкавага кошыка, які, як правіла, уручаецца артыстам пасля афіцыйных канцэртаў, сыходзіць 100-150 руж. -0-
БЕЛТА
У "Славянскага базару" ёсць кветкавая праграма
10.7.20120 праглядаў