20 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праграма "Дарогі горада Віцебска" распрацоўваецца ў абласным цэнтры і да лістапада будзе вынесена на зацвярджэнне дэпутатаў гарсавета, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама. Неабходнасць стварэння такой праграмы абумоўлена праблемамі аўтамабільных коркаў, з якімі ўсё часцей даводзіцца сутыкацца гараджанам, і пашырэннем гарадской рысы з будаўніцтвам новых жылых мікрараёнаў. У адпаведнасці з Генеральным планам развіцця горада перспектыўным напрамкам удасканалення транспартнага руху можа стаць стварэнне кальцавой дарогі, якая аб'яднала б раёны, дзе будзе весціся як шматкватэрнае, так і індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Асноўнымі напрамкамі развіцця магістральна-вулічнай сеткі абласнога цэнтра на першым этапе стануць фарміраванне магістралі агульнагарадскога значэння ў паўночна-заходнім напрамку з моставым пераходам праз Заходнюю Дзвіну і рэканструкцыяй Полацкага пуцеправода; працяг рэканструкцыі вуліцы Гагарына, дзе застануцца трамвайныя шляхі, а рух стане трохпалосным. Для паляпшэння ўмоў бяспекі руху пешаходаў і павышэння прапускной здольнасці магістраляў неабходна будаўніцтва падземных пешаходных пераходаў на чатырох скрыжаваннях. Як адзначылі ў аддзеле ЖКГ гарвыканкама, маршрутная сетка гарадскога электратранспарту адстае ад развіцця інфраструктуры горада. У сувязі з гэтым разглядаюцца пытанні стварэння некалькіх новых тралейбусных маршрутаў, першы з якіх адкрыецца да снежня бягучага года. Віцебскім гарвыканкамам, як заказчыкам гарадскіх перавозак, заключаны дагаворы з УКТП "Віцебскае трамвайна-тралейбуснае кіраванне", філіялам "Аўтобусны парк №1 г.Віцебска", 20 індывідуальнымі прадпрымальнікамі і 30 прадпрыемствамі недзяржаўнай формы ўласнасці. Маршрутная гарадская сетка зараз уключае 8 напрамкаў руху тралейбусаў, 9 - трамваяў, 46 аўтобусных маршрутаў у звычайным рэгулярным паведамленні, 5 - у хуткасным, 34 - у экспрэсным рэгулярным паведамленні. -0-

БЕЛТА