27 сакавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. У Віцебска з'явіўся свой гімн. Сёння на сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутаты зацвердзілі адзін з шасці варыянтаў, прадстаўленых на гарадскі конкурс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пераможцам конкурсу прызнана "Песня аб Віцебску". Аўтар тэксту - член Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснава-Гусачэнка, музыкі - мясцовы кампазітар Аляксандр Рауза. Гэты твор пасля грамадскага абмеркавання быў адобраны спецыяльна створанай абласной камісіяй, у склад якой акрамя прадстаўнікоў віцебскай творчай інтэлігенцыі ўвайшлі заслужаныя дзеячы мастацтваў рэспублікі Уладзімір Байдаў, Галіна Гарэлава і Віктар Вайцік.

Начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыенок, якая прадставіла "Песню аб Віцебску" дэпутатам гарсавета, адзначыла, што гэты конкурсны варыянт выкананы на высокім прафесійным узроўні, мае яркую меладычную аснову і ўрачыстае гучанне. "У тэксце фрагментарна даецца апісанне горада Віцебска, гістарычных фактаў, легендарных падзей, падкрэсліваецца гераізм мінулых пакаленняў, што вельмі важна для такога роду твораў", - сказала Наталля Шыенок.

Уласныя гімны ўжо маюць Мінск, Брэст, Гродна, Барысаў, Жодзіна, Баранавічы, Полацк. Гімны гарадоў традыцыйна гучаць перад пачаткам і заканчэннем перадач гарадскіх тэлевізійных і радыёстанцый, на цырымоніях з нагоды важных гістарычных і грамадска-палітычных падзей.-0-