12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебску 11 лістапада а 18.48 каля будынка ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці адбыўся падрыў прымітыўнага самаробнага піратэхнічнага прыстасавання, што пацягнула пашкоджанне двух вокнаў адміністрацыйнага будынка. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў КДБ Беларусі. "Па папярэдніх ацэнках, прыстасаванне ўяўляла сабой кардонны або пластмасавы тубус, начынены 50-70 г піратэхнічнай сумесі і змешчаны ў металічную банку ёмістасцю 0,25-0,33 л без паражальных элементаў. У дзеянне прыведзена агнявым спосабам (шляхам падпалу)", - растлумачылі ў камітэце. Як удакладнілі ў ведамстве, у выніку неадкладных следчых дзеянняў і на падставе паказанняў сведак затрыманы тры чалавекі. "Адзін з якіх з вонкавымі прыкметамі адхіленняў ад нармальных паводзін раней ажыццяўляў тэлефонныя званкі ва УКДБ з некарэктнымі выказваннямі ў адрас органаў улады", - сказалі ў КДБ. Узбуджана крымінальная справа па арт.339 КК Беларусі (хуліганства). На месцы здарэння працуе аператыўна-следчая група.-0-

БЕЛТА