Уборка збожжавых і зернебабовых, нарыхтоўка кармоў, будаўніцтва новых малочна-таварных ферм, адкорм жывёлы – гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі 19 жніўня на рабочай нарадзе ў Віцебскім аблвыканкаме. Сустрэча прайшла пад кіраўніцтвам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргея Барташа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік профільнага ведамства арыентаваў паўночны рэгіён на паляпшэнне некаторых паказчыкаў. "У першую чаргу (Віцебскай вобласці. – прым. БЕЛТА) трэба падцягнуць нарыхтоўку кармоў, уборку травы і своечасова ўбраць кукурузу, таму што, як было агучана спецыялістамі камітэта, 60% будзе ўбрана кукурузы пасля аптымальных тэрмінаў, а гэта страта якасці, пажыўнасці, якія цягнуць за сабой не толькі дрэнныя вынікі ў жывёлагадоўлі, але і пагалоўе, якому ў рэспубліцы надаецца вялікая ўвага", – падкрэсліў Сяргей Бартош.

Ён пацікавіўся будаўніцтвам у Віцебскай вобласці малочна-таварных ферм, у наступным годзе плануецца ўзвесці 10 такіх аб'ектаў. "Неабходна вывучыць канцэнтрацыю вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, вырошчванне цялушак, адкорм жывёлы. І тое, чаму ўдзяляў увагу кіраўнік дзяржавы, – перадаць ад таго, хто не можа вырошчваць, таму, хто можа выгадаваць", – нагадаў міністр. Паводле яго слоў, над гэтым пытаннем Віцебскай вобласці трэба папрацаваць ушчыльную.

Сярод шляхоў вырашэння пытання Сяргей Бартош назваў канцэнтрацыю жывёлы ў тых гаспадарках, якія могуць вырошчваць гэту жывёлу і атрымліваць добры вынік. "А наступным этапам – пасля выгадаванай атрыманай цялушкі вяртаць яе ў гаспадаркі, якія вырабляюць малако. Такім чынам, будзе і выхад – атрыманне большай колькасці цялушак і лепшы вынік па вытворчасці малака, – дадаў ён. – Трэба пры будаўніцтве аб'ектаў улічваць забеспячэнне кадравага патэнцыялу. Чым буйнейшы комплекс, тым менш патрабуецца людзей. І трэба даць магчымасць людзям, якія хочуць працаваць і могуць, атрымліваць годнае заработнае плату".

Паводле даных камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, у рэгіёне ўбрана 201 тыс. га збожжавых і зернебабовых культур, што складае 76% ад уборачнай плошчы. Намалочана 491 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 24,5 ц/га. У параўнанні з мінулым годам ураджайнасць аказалася значна ніжэй (на гэту ж дату тады было 31,6 ц/га), на паказчык паўплывала моцная засуха.