Сельскагаспадарчыя арганізацыі ловяць кожную сонечную хвіліну, не губляючы часу, каб убраць ураджай без страт і ў тэрмін.

Ход уборачнай кампаніі ў ААТ "Чарэйшчына" вывучылі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Азаронак і старшыня Лепельскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталля Манчык.

Як адзначае кіраўнік прадпрыемства Сяргей Плігоўка:

— Прыступілі да ўборкі ўраджаю крыху больш за тыдзень таму. Ужо ўбрана больш за 40 працэнтаў азімага рапсу і ячменю. Надвор'е ўносіць свае карэкціроўкі, мы гэта бачым, але расслабляцца нам нельга. На ўборцы ўраджаю працуе 4 камбайны. 2 сваіх збожжаўборачных экіпажы і 2 прыцягнутых. На дапамогу прыйшлі работнікі з МНС і КУВП "Бароўка". Усе настроены на вынік, бо разумеюць, якая адказнасць ляжыць на кожным — убраць хлеб без страт.

— Маніторынгі ў перыяд уборачнай кампаніі яшчэ з моманту падрыхтоўкі камбайнаў праводзіць раённы камітэт. Штодня, наведваючы арганізацыі, на кантролі і ў полі зроку прафсаюза пытанні тэмпературнага і воднага рэжыму, гарачага харчавання, забеспячэння бяспечнай працы ў перыяд уборкі ўраджаю і забяспечанасць работнікаў аптэчкамі, спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай абароны. Мы павінны дайсці да кожнага, убачыць і пачуць, у выпадку неабходнасці аператыўна вырашыць пытанні, якія ўзнікаюць, — адзначыла Наталля Эрыкасаўна.

— Павінна быць жорсткая дысцыпліна, — падвёў вынік і звярнуўся да кіраўніка Віктар Уладзіміравіч. — Кіраваць працэсам неабходна непасрэдна ў палях, а не з кабінетаў. Менавіта на гэта нацэліў сёння ўсіх Кіраўнік дзяржавы. Мы ўсе разам павінны разумець гэта.